Партал Міністэрства абароны Латвіі апублікаваў відэадоказы, на якіх бачна, як беларускія памежнікі штурхаюць мігрантаў да памежных слупоў і не пускаюць іх назад.
«У апошнія дні Дзяржаўная памежная ахова сумесна з Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі выявіла некалькі выпадкаў на латвійска-беларускай мяжы з удзелам беларускіх ваенізаваных падразьдзяленьняў, якія спрабавалі выправадзіць мігрантаў з Блізкага Ўсходу праз памежныя слупы ў Латвію. Гэта даказваюць відэаматэрыялы, зьнятыя супрацоўнікамі Дзяржаўнай памежнай аховы зь мяжы абедзьвюх краін», — гаворыцца на сайце Мінабароны Латвіі.
На зьнятых відэазапісах бачна, што мігранты вымушаныя пад пагрозай зброі сядзець на насыпу каля рэек ці на саміх рэйках.
У адным з выпадкаў была зроблена спроба даставіць у Латвію групу зь пяці мігрантаў па чыгуначным палатне ў суправаджэньні ўзброеных асоб, якія мелі прынамсі тры аўтаматы Калашнікава.
У жніўні Літва і Латвія пашырылі паўнамоцтвы сваіх войскаў пры ахове дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю. Агулам з пачатку году літоўскія памежнікі затрымалі пасьля незаконнага пераходу мяжы 4112 чалавек. Гэта амаль у 51 раз больш, чым летась.
Калі літоўскія памежнікі пачалі вяртаць мігрантаў назад у Беларусь, не прымаючы іх у адмысловыя лягеры, паток мігрантаў рэзка павялічыўся на межах Польшчы і Латвіі. Аднак і там вырашылі мігрантаў не прымаць, а вяртаць у Беларусь, якую тыя выкарыстоўваюць як транзыт для патрапленьня ў Эўразьвяз.
13 жніўня ў Латвіі паведамілі, што разьвярнулі за суткі 101 мігранта, нікога не затрымаўшы. Прэзыдэнт Латвіі Эгілс Левітс у той жа дзень заявіў, што мігранты з трэціх краінаў, якія незаконна перайшлі мяжу Латвіі з боку Беларусі, могуць прасіць прытулку ў афіцыйнага Менску. Дзеяньні Лукашэнкі ён назваў «гібрыднай вайной супраць Латвіі і Эўразьвязу».