У аўдыёзапісе, які апублікавала ініцыятыва ByPol, беларусаў называюць «тлустымі абываталямі», а сілавікам ідзе загад «прыбіраць» тых, хто пагражае сілавікам або чыноўнікам, піша «Прававая ініцыятыва».
На другім аўдыёзапісе меркавана Юры Караеў называе Сяргея Ціханоўскага «жывёлінай» («тварь») і шкадуе, што яго яшчэ позна пасадзілі: «Няма на яго артыкулу — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!».
«Прававая ініцыятыва» замовіла фанаскапічнае дасьледаваньне аўдыёзапісаў. Незалежная экспэртыза ААТ «ГлавЭксперт» пасьля працы спэцыяліста Элы Баргаякавай выявіла, што голас на аўдыёзапісах адзін і той жа, што і ў арыгінальным інтэрвію Караева на тэлевізіі. Таму гэта сапраўды Юры Караеў. Прыкметаў мантажу на аўдыёзапісах няма.
Пасьля завяршэньня экспэртызы «Прававая ініцыятыва» зрабіла высновы:
- Справа Сяргея Ціханоўскага рыхтавалася на найвышэйшым дзяржаўным узроўні з прыцягненьнем МУС і КДБ;
- Сілавікі былі моцна выматаныя 9-13 жніўня 2020-га, таму ўзялі перадышку, каб перагрупавацца;
- Міністар унутраных спраў асабіста загадваў сілавікам «прыбіраць», гэта значыць забіваць, дэманстрантаў;
- Няма падставаў не давяраць зьлівам ByPol.
Пасьля 9 жніўня супраць міліцыянтаў і супрацоўнікаў іншых сілавых ведамстваў не заведзена ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і па іншых крымінальных артыкулах.