Беларускія сьледчыя сьцьвярджалі, што ў 1941–1944 гады ў мэтанакіраваным забойстве людзей бралі ўдзел добраахвотнікі літоўскіх калябарацыйных фармаваньняў.
Яны прасілі дапытаць пэўных чальцоў карных батальёнаў, у тым ліку экс-прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса, якога назвалі даручэнцам «менскага мясьніка» Антанаса Людвіка Імпулявічуса-Імпуленаса.
94-гадовы Валдас Адамкус назваў абсурдам падазрэньні беларускай пракуратуры ў яго датычнасьці да «генацыду», а дзеяньні Менску ахарактарызаваў «дурной спробай адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду».
Першага верасьня стала вядома, што Генэральная пракуратура Літвы адмовіла беларускім уладам у іх просьбе, заявіўшы, што гэта можа нанесьці шкоду сувэрэнiтэту або бясьпецы, правам і законным інтарэсам грамадзян, вынікае з паведамленьня Генпракуратуры Беларусі.
У адказ беларуская Генпракуратура абвінаваціла Літву ў парушэньні міжнародных абавязаньняў і ўкрывальніцтве «нацысцкіх злачынцаў ад правасудзьдзя».
На загад Аляксандра Лукашэнкі расьсьледуецца крымінальная справа аб генацыдзе жыхароў Беларусі ў гады вайны «шляхам масавых забойстваў, зьнішчэньня населеных пунктаў разам з жыхарамі, гвалтоўнай дэпартацыяй для выкананьня прымусовых работ, стварэньня канцэнтрацыйных лягераў». Мэта крымінальным вядзеньні — вызначэньне матэрыяльнай шкоды, нанесенай ваеннымі злачынствамі, і рэалізацыя захадаў дзеля яе кампэнсацыі.
Паводле папярэдніх разьлікаў, агучаных генпракурорам Андрэем Шведам, гэтая сума перавышае 500 мільярдаў даляраў.
Улады Беларусі плянуюць зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі дзеля прызнаньня генацыду беларускага народу і паставіць пытаньне аб выдачы некаторых злачынцаў, якія яшчэ жывыя.
Паводле афіцыйных зьвестак, у гады вайны на тэрыторыі Беларусі функцыянавала звыш 400 месцаў прымусовага ўтрыманьня цывільнага насельніцтва, 260 лягераў сьмерці і 170 гета, у якіх зьнішчылі ня менш за 1,5 мільёна чалавек. Агулам за час нямецкай акупацыі загінулі каля 3 мільёнаў беларусаў, сьцьвярджае дзяржаўная гісторыяграфія.