Старшы пракурор упраўленьня Генпракуратуры Беларусі Эдуард Скурат заявіў, што Валдас Адамкус нібыта быў даручэнцам Антанаса Імпулявічуса, які камандаваў падпарадкаваным СС батальёнам дапаможнай паліцыі. Гэтае падразьдзяленьне ў гады Другой сусьветнай вайны ажыцьцяўляла карныя апэрацыі на тэрыторыі Беларусі.
«Гэта абсурд. Я нават ня ведаю, што такія арганізацыі наогул існавалі. Паняцьця ня маю, што яны рабілі і хто гэтыя людзі. Упершыню чую», — сказаў палітык у камэнтары агенцтву BNS.
Ён таксама назваў дзеяньні беларускай Генпракуратуры «дурной спробай адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду».
«Думаю, што гэта ніяк не жаданьне нешта высьветліць, а проста фармальная правакацыя, каб уцягнуць больш людзей у іх унутраныя праблемы», — сказаў былы прэзыдэнт Літвы.
Генэральная пракуратура Беларусі папрасіла літоўскіх калегаў дапытаць Валдаса Адамкуса як сьведку ў справе аб генацыдзе беларускага насельніцтва ў гады вайны. Сьледзтва правярае, ці ўдзельнічаў ён у карнай дзейнасьці батальёну Антанаса Імпулявічуса.
У сваю чаргу, Генпракуратура Літвы пацьвердзіла, што атрымала ад Беларусі ліст аб прававой дапамозе. Там удакладнілі, што гэта просьбы агульнага характару, ніякіх канкрэтных дадзеных у запыце няма.
Валдасу Адамкусу 94 гады, ён двойчы займаў пасаду прэзыдэнта Літвы: у 1998–2003 i ў 2004–2009 гадах.