Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля пратэсту ў газэце «Звязда» зноў паставілі рэдактарам Карлюкевіча, экс-міністра інфармацыі 


Аляксандар Карлюкевіч
Аляксандар Карлюкевіч

Галоўны рэдактар «Звязды» Павал Сухарукаў пакінуў сваю пасаду пасьля таго, як на старонках выданьня быў надрукаваны адкрыты ліст да чытачоў.

Пра гэта паведаміла супрацоўніца газэты Ірэна Кацяловіч пасьля завяршэньня сходу ў рэдакцыі:

«Гэта не звальненьне загадам міністра інфармацыі, а па заяве рэдактара Сухарукава. Ён сказаў, што на яго паўплывалі падзеі ў краіне, пратэст калектыву, і ён падаў заяву сам. Новапрызначаны рэдактар Карлюкевіч маўчаў на нарадзе, выступаў міністар Луцкі, ён агучыў рашэньне, зачытаў загад. Была дыскусія, як працаваць у цяперашніх умовах паводле Закону аб СМІ. Луцкі адказаў, што ня трэба працаваць, як tut.by і naviny.by. Такім чынам плюралістычна асьвятляць падзеі не дазволіў»,— расказала Свабодзе Ірэна Кацяловіч.

Для сябе яна прыняла рашэньне:

«Я напісала заяву на звальненьне. Іншыя таксама падпісалі такія заявы, яны пакуль не разгледжаныя. Цяпер у калектыве ўсё віруе».

Некалькі дзён таму разьбірацца ў інцыдэнце прыехалі кіраўнікі Міністэрства інфармацыі і прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі. Пасьля сустрэчы ў рэдакцыі было абвешчана пра адстаўку галоўнага рэдактара Паўла Сухарукава, аднак пад ціскам калектыву рашэньне было скасаванае.

Некалькі дзён таму зьвяздоўцы агучылі патрабаваньні да ўладаў, папярэдзіўшы, што ў выпадку ігнараваньня 20 жніўня распачнуць страйк. Сярод іх такія:

• спыніць цэнзуру, тэндэнцыйнасьць і спробы з боку дзяржаўных структураў паўплываць на зьмест газеты «Звязда»;

• з 20 жніўня даць магчымасьць калектыву працаваць у адпаведнасьці з Законам аб СМІ, публікаваць праўдзівую, аб’ектыўную і рознабаковую інфармацыю;

• спыніць перасьлед, ціск, маральны і фізычны гвалт у дачыненьні да журналістаў, якія выконваюць прафэсійны абавязак на тэрыторыі Беларусі.

Замест перамоваў 20 жніўня супрацоўнікам прадставілі былога кіраўніка Аляксандра Карлюкевіча. Ён ужо ўзначальваў «Звязду», адтуль быў прызначаны міністрам інфармацыі.

«Толькі што скончыўся сход, калектыў віруе. Ці будзе спынены пратэст, пакуль сказаць немагчыма»,— сказала Свабодзе Ірэна Кацяловіч.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў калектыў неаднаразова выказваў кіраўніцтву Міністэрства інфармацыі жаданьне сумленна працаваць паводле журналісцкіх задач і прынцыпаў, шматбакова асьвятляць падзеі ў краіне і прадстаўляць палярныя думкі. Аднак у першачарговых пытаньнях аб’ектыўнасьці і парытэтнасьці дасягнуць узаемаразуменьня не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG