Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзіцячым лягеры на Лёзьненшчыне 13 дзяцей захварэлі на COVID-19


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяцей ужо перавялі ў асобны корпус. Гэта другая ўспышка хваробы сярод дзяцей за тыдзень.

13 дзяцей захварэлі на каранавірус у дзіцячым аздараўленчым лягеры «Про100р», які знаходзіцца ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласьці, піша Смартпресс.

«На гэты момант усе дзеці, у якіх дыягнаставалі каранавірус, знаходзяцца ў асобным корпусе. Усе адчуваюць сябе нармальна. На шчасьце, дзеці лёгка пераносяць гэты вірус, а ўсе пэдагогі ў нас прышчэпленыя. Для дзяцей арганізавана асобнае харчаваньне, асобная праграма», — расказаў сузаснавальнік цэнтру «100 балаў» Дзьмітры Рыжыкаў.

Першы выпадак, па словах Рыжыкава, дыягнаставалі 19 жніўня і, хутчэй за ўсё, ён быў «завезеным».

Цяпер у лягеры ўзмоцнены захады прафіляктыкі: забароненыя ўсе кантакты з бацькамі, скарочаны актыўнасьці ў памяшканьні, уведзены масачны рэжым для пэдагогаў, усе паверхні апрацоўваюцца.

«Учора была камісія абласной санітарна-эпідэміялягічнай станцыі, якая праверыла стан дзяцей, захаваньне ўсіх нормаў. Мы працягваем працаваць. Бацькі могуць забраць дзяцей, але мала хто зрабіў гэта, бо дзеці хочуць застацца ў лягеры — у нас падрыхтавана вельмі насычаная і цікавая праграма», — адзначыў Рыжыкаў.

15 жніўня стала вядома, што ў чацьвярых дзяцей пад Смаргонямі пацьвердзіўся дэльта-штам каранавірусу. Успышка адбылася ў рэабілітацыйна-аднаўленчым цэнтры «Лясная паляна». Хворых дзяцей ізалявалі. Нягледзячы на станоўчы тэст на новы штам хваробы, яна праходзіла ў іх бессымптомна.

Раней штам «дэльта» выявілі ў Менску, Лідзе і Гомлі. Індыйскі падвід каранавірусу адрозьніваецца тым, што вельмі заразны. Мутаваны вірус паводзіць сябе больш агрэсіўна, чым папярэднія варыянты, а працэнт захворваньня ў цяжкай форме значна вышэйшы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG