Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе на Капыльшчыне. У 1988-м, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай газэты «Лірнік». У тым жа годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.
У 1991 годзе разам зь Віталём Цыганковым стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое зь цягам часу перарасло ў найбуйнейшую недзяржаўную інфармацыйную кампанію краіны. На яго базе паўстаў аналітычны сайт Naviny.by.
Алесь Ліпай быў журналістам і паэтам, сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Выдаў тры кнігі вершаў, пісаў тэксты да песень.
Ён аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як 1000 кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках.
У чэрвені 1996 году падчас апэрацыі вызваленьня дзяцей, узятых у закладнікі ў дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы на сябе ягоную ўвагу.
Агенцтва БелаПАН было генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пасьля гэтага, у чэрвені 2018 году, Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў супраць Алеся Ліпая крымінальную справу — яго абвінавацілі ў нясплаце падаходнага падатку. Справу закрылі толькі пасьля сьмерці Алеся. Ён цяжка хварэў і памёр 23 жніўня ў адной зь менскіх клінік. Яму было 52 гады.
Разгром БелаПАН
Пасьля сьмерці Алеся Ліпая выканаўцам абавязкаў дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН стаў Дзьмітры Наважылаў. У студзені 2021-га ён звольніўся на ўласнае жаданьне. БелаПАН узначаліла ягоная калега, журналістка Ірына Леўшына. Сёлета 18 жніўня яе, Дзьмітрыя Наважылава, а таксама бухгальтара Кацярыну Боеву затрымалі і зьмясьціўлі ў ізалятар на Акрэсьціна. У офісе БелаПАН, а таксама ў кватэрах супрацоўнікаў правялі ператрусы.
Як паведаміла ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску, Дзьмітрый Наважылаў, Кацярына Боева і Ірына Леўшына затрыманыя па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Таксама сьледзтва ініцыявала падатковую праверку дзейнасьці БелаПАН, «падчас якой ужо выяўлены парушэньні падатковага заканадаўства», і пасьля вызначэньня канчатковай сумы нявыплачаных у даход дзяржавы падаткаў сьледзтва дасьць прававую ацэнку дзеяньням службовых асобаў БелаПАН па арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў).
У ліпені 2021 году пасьля хвалі ператрусаў у журналістаў незалежных СМІ некалькі супрацоўнікаў БелаПАН зьехалі за мяжу.
Сайт БелаПАН адключаны.