Пра гэта інфармуе «Медуза».
Як паведамляе тэлеканал «Аль-Джазіра», мясцовыя жыхары выступілі супраць таго, што талібы зрываюць сьцягі Афганістану з будынкаў і мяняюць іх на белы сьцяг «Талібану».
Пратэстоўцы прайшлі маршам па вуліцах гораду, размахваючы афганскімі сьцягамі.
На адной з плошчаў у Джалалабадзе ўдзельнікі акцыі пратэсту зьнялі сьцяг «Талібану» і сталі размахваць нацыянальным сьцягам, пасьля чаго паміж пратэстоўцамі і талібамі адбыліся сутыкненьні. На відэазапісах з Джалалабаду, якія публікуюць у сацсетках, чуваць стрэлы.
У сутыкненьнях у Джалалабадзе, паведамляе «Аль-Джазіра», загінулі сама меней два чалавекі, яшчэ 12 атрымалі раненьні.
Голас Амэрыкі: «Талібан» падарваў помнік забітаму лідэру шыіцкіх апалчэнцаў
Абдул Алі Мазары змагаўся з талібамі падчас грамадзянскай вайны ў Афганістане ў 1990-х гадах.
Пра гэта сьведчаць фатаграфіі, апублікаваныя ў сацыяльных сетках.
Гаворка ідзе пра помнік Абдулу Алі Мазары — лідэру апалчэнцаў, забітаму «Талібанам» у 1996 годзе, калі ісламскія баевікі захапілі ўладу.
Мазары выступаў у абарону хазарэйцаў — шыіцкай этнічнай меншасьці, якая зазнавала перасьлед падчас папярэдняга кіраваньня суніцкага «Талібану».
Помнік стаяў у правінцыі Баміян у цэнтральнай частцы краіны.
У гэтай жа правінцыі знаходзіліся дзьве высечаныя ў скале статуі Буды, узрост якіх ацэньваўся ў паўтары тысячы гадоў. Яны былі падарваныя «Талібанам» у 2001 годзе, незадоўга да ўварваньня замежнай кааліцыі на чале з ЗША, якая адхіліла іх ад улады.