Пра сытуацыю мігрантаў зь Іраку і Афганістану піша Gazeta Wyborcza, называючы ўмовы, у якіх яны апынуліся, нечалавечымі. Гаворка ідзе пра памежны пас каля мясцовасьці Уснаж Гурны на Беласточчыне.
Паводле польскага выданьня, памежнікі не дазваляюць мясцовым жыхарам перадаць мігрантам ежу і спальныя мяшкі. Яе даведалася Gazeta Wyborcza зь неафіцыйных крыніц, беларусы забралі з паласы жанчын і дзяцей.
Ня маючы ніякай магчымасьці перамяшчацца, уцекачы ўтварылі там часовы лягер. Уначы яны паляць вогнішча, каб сагрэцца. Першапачаткова ў групе было каля 50 чалавек, у ёй былі сем’і зь дзецьмі, быў чуваць плач немаўлят. Сёньня група зьменшылася, у ёй ужо не відаць жанчын і дзяцей.
«У лесе пад Уснажам засталіся толькі мужчыны. У іх стомленыя твары. У чацьвер на беларускім баку зьявілася больш сілавікоў у форме, са зброяй». — піша выданьне.
У сераду пасьля абеду, калі пра здарэньне напісалі СМІ, жыхары навакольных вёсак прыходзілі да лягеру, прыносілі ваду, ежу, коўдры, спальныя мяшкі. Але кіраўнік патрулю на польскім баку адмовіўся прыняць рэчы для ўцекачоў. Паводле яго, гэта было б парушэньнем закону, паколькі давялося б пераступіць памежную лінію. Паводле сьведак, якіх цытуе Gazeta Wyborcza, яшчэ ў аўторак рэчы прымалі, і нават самі памежнікі перадавалі ім некаторыя прадукты, але падыход зьмяніўся. Побач зьявіўся грузавы аўтамабіль, які закрывае від на лягер.
Тым часам у сераду міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік заявіў, што людзі знаходзяцца не ў памежнай паласе, а на тэрыторыі Беларусі.
«Яны на тэрыторыі Беларусі, гэта беларуская праблема. Здаецца, што гэтую праблему павінны вырашыць тыя, хто яе арганізаваў, то бок тыя, хто прывёў іх з Багдаду ў Менск, адкуль іх прывезьлі на польскую мяжу. Наш абавязак — клапаціцца пра палякаў, іх бясьпеку і спакой», — сказаў міністар.
Amnesty International i Хэльсынскі фонд правоў чалавека разам зь іншымі арганізацыямі зьвярнуліся да польскіх уладаў з просьбай дапамагчы ўцекачам з Афганістану.