Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі загінулага ў Кіеве Шышова ня могуць забраць цела для пахаваньня. Паліцыя Ўкраіны не дае камэнтароў


Прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» заяўляюць, што ня могуць забраць для пахаваньня цела Віталя Шышова, які загінуў у Кіеве.

«Сёньня раніцай дзяўчына Віталя Бажэна Жолудзь чарговы раз зьвярнулася ў пракуратуру з запытам забраць цела для пахаваньня. Але пракуратура адмовіла ў выдачы (цела) Віталіка, матывуючы тым, што праводзіцца чарговая экспэртыза», — адзначаецца ў паведамленьні, распаўсюджаным «Беларускім домам ва Ўкраіне».

Паводле паплечнікаў Віталя Шышова, напярэдадні, 17 жніўня, супрацоўнікі моргу спачатку запрасілі Бажэну Жолудзь забраць цела, а потым адмовілі і накіравалі ў пракуратуру.

Арганізацыя паведаміла, што для правядзеньня экспэртызы Ўкраіна запрасіла спэцыялістаў зь Літвы, але яны яшчэ не пачалі сваю працу.

9 жніўня Свабода зьвярнулася ў Нацыянальную паліцыю Ўкраіны з афіцыйным запытам пра ход расьсьледаваньня сьмерці Віталя Шышова. Паводле заканадаўства, паліцыя мусіла цягам пяці дзён адказаць на запыт, але дагэтуль Свабода не атрымала ніводнага адказу на свае пытаньні.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома?

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году разам зь дзяўчынай. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.

Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.

Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.

Былы міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць перадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне.

Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.

Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».

Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён ня раз заўважаў за сабой сачэньне.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.

Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая таксама паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG