Пра гэта ў адказе на афіцыйны запыт Радыё Свабода паведаміў кіраўнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні са сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.
Свабода прасіла СБУ адказаць на пытаньні пра тое, ці адпавядае рэчаіснасьці інфармацыя паплечнікаў Віталя Шышова пра нібыта папярэджаньні супрацоўнікаў СБУ пра магчымыя правакацыі і рэкамэндацыі быць вельмі асьцярожнымі.
Апроч таго, Свабода цікавілася, ці вывучала СБУ дзейнасьць «Беларускага дому ва Ўкраіне», а таксама яшчэ дзьвюх грамадзкіх арганізацый, заснавальнікамі якіх былі загінулы Віталь Шышоў і Радыён Батулін, якому забаранілі ўезд ва Ўкраіну на тры гады. Гэта арганізацыя «Беларуская альтэрнатыва» і дабрачынны фонд «Беларуская дыяспара ва Ўкраіне».
«Згодна з артыкулам 222 Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны раскрываць зьвесткі, якія датычаць расьсьледаваньня, можна толькі зь пісьмовага дазволу сьледчага або пракурора і ў тым аб’ёме, у якім яны лічаць магчымым», — адзначаецца ў адказе.
Свабода зьвярнулася з адпаведным запытам у Нацыянальную паліцыю Ўкраіны, але адказу пакуль не атрымала.
Трэцяга жніўня, калі прадстаўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова знайшлі павешаным у лесапаркавай зоне непадалёк ад дому, дзе ён жыў, ягоны паплечнік Юры Шчучко ў эфіры «Настоящего времени» заявіў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
Дзяўчына нябожчыка Бажэна Жолудзь у інтэрвію тэлеканалу «Белсат» заяўляла, што прадстаўнікі СБУ пэўны час нібыта суправаджалі Віталя Шышова ў часе ягоных ранішніх прабежак, але пазьней ад гэтага адмовіліся.