«Паводле дадзеных сьледзтва, у жніўні 2021 году падазраваная, знаходзячыся каля пасольства Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне, заклікала да масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады, гэта значыць да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі», — цытуе БелТА Сьледчы камітэт.
Інфармацыю пра заклікі Бажэны Жолудзь да ўзброенага супраціву СК узяў са СМІ і далучыў да крымінальнай справы.
Дзяўчыну прызналі падазраванай паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу. У СК адзначаюць, што «плянуецца правядзеньне іншых сьледчых і працэсуальных дзеяньняў».
Гібель Віталя Шышова. Што вядома?
- Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году разам зь дзяўчынай. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
- Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
- Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
- Былы міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць перадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
- Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
- Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён ня раз заўважаў за сабой сачэньне.
- Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
- Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая таксама паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.