У анэксаваным Крыме раніцай 17 жніўня супрацоўнікі расейскіх праваахоўных органаў правялі ператрусы ў дамах крымскіх татар. Грамадзкае аб’яднаньне «Крымская салідарнасьць» паведамляе аб затрыманьні пяці чалавек, паведамляе Крым. Реалии.
Ператрусы прайшлі ў Севастопалі, а таксама ў Сімфэропальскім і Бахчысарайскім раёнах. Сярод затрыманых — імам паселішча Строганаўка Раіф Фэўзіеў і яшчэ чацьвёра актывістаў, якія, як паведамляецца, падтрымлівалі семʼі крымскіх палітвязьняў. Па паведамленьнях адвакатаў, іх абвінавачваюць паводле артыкулаў, зьвязаных зь дзейнасьцю тэрарыстычнай арганізацыі, аднак падрабязнасьці пакуль не вядомыя.
Расейскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах паведамляюць, што ў Крыме затрымалі пяць прыхільнікаў «Хізб ут-Тахрыр», аднак афіцыйнага пацьверджаньня гэтаму няма.
Улады Ўкраіны рэзка адрэагавалі на чарговыя ператрусы і арышты ў Крыме. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі назваў іх «абуральным парушэньнем правоў чалавека». «Сусьветная супольнасьць павінна належным чынам адрэагаваць на парушэньні», — гаворыцца ў твітэр-паведамленьні Зяленскага.
Напярэдадні суд у Растове-на-Доне асудзіў на працяглыя тэрміны зьняволеньня чатырох крымскіх татараў — жыхароў анэксаванага паўвострава, прызнаўшы іх вінаватымі ва ўдзеле ў дзейнасьці «Хізб-ут-Тахрыр». Усяго ў падобных справах расейскія суды асудзілі ўжо дзясяткі крымскіх мусульман.