Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова знайшлі павешаным

абноўлена

Віталь Шышоў
Віталь Шышоў

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня.

Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Віталь Шышоў увосень 2020 году зьехаў зь Беларусі ад перасьледу, жыў у Кіеве. 3 жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому, паведаміла паліцыя.

Цяпер сьледчыя правяраюць вэрсіі ягонай гібелі.

Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко ў эфіры «Настоящего времени» паведаміў, што цела Віталя Шышова знайшлі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. Паводле Шчучко, на твары Шышова былі сьляды пабіцьця.

Шчучко заявіў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».

Шчучко сказаў, што на мінулым тыдні Шышоў папрасіў яго ў выпадку чаго паклапаціцца пра ягоных блізкіх. «У яго было нейкае дзіўнае прадчуваньне», — адзначыў Шчучко.

«Ён быў ураўнаважаны, пазытыўны, шмат каму дапамагаў», — сябры пра Віталя Шышова

26-гадовы Віталь Шышоў зьехаў з Беларусі ва Ўкраіну ўвосень 2020 году, разам з сваёй сяброўкай Бажэнай Жолудзь.

«Яму было 25, калі ён пераехаў ва Ўкраіну. Недзе месяц ці паўтара таму мы сьвяткавалі ягоны дзень нараджэньня, 26 гадоў, на Майдане. І ў мінулую нядзелю ён быў на традыцыйнай акцыі на Майдане. Бо ён быў адміністратарам тэлеграм-каналу „Беларускі дом ва Ўкраіне“, таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Ён шмат працаваў — рыхтаваў акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў», — распавёў беларус Віталь Сьляпухін, які жыве ў Кіеве.

Ён характарызуе Віталя як «абсалютна пазытыўнага чалавека».

«Ён ня піў, займаўся спортам, спакойны, добры, стараўся нават тут рабіць справы для Беларусі і перамогі над нелегітымнай уладай. Ён дапамагаў беларусам прадуктамі, рэчамі. Якраз цяпер мы рыхтавалі акцыю да 9 жніўня, і ён займаўся арганізацыйнымі момантамі. Тое, што за ім маглі сачыць... Тут гэта нічога новага...», — зазначыў Валер.

Месца, дзе знайшлі Віталя Шышова
Месца, дзе знайшлі Віталя Шышова

Сьлед ад вяроўкі на дрэве
Сьлед ад вяроўкі на дрэве

Арцём Моладаў, беларус з Кіева, кажа, што Віталь выклікаў «толькі станоўчыя эмоцыі».

«Ён быў жыцьцярадасны чалавек з мноствам плянаў, у якога ўсё жыцьцё наперадзе. Пра нейкі сум ці дэпрэсію не было ніякай гаворкі — гэта не пра яго», — дадаў Арцём.

Бажэна Жолудзь: «Ён ня мог учыніць самагубства».

Бажэна Жолудзь, дзяўчына кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова, якога напярэдадні знайшлі павешаным у Кіеве, расказала «Свабодзе» пра апошнія дні жыцьця хлопца.

Яна з Рэчыцы, пераехала ў Кіеў, як і Віталь Шышоў, пасьля перасьледу з боку ўладаў Беларусі.

«У Віталя не было бацькоў і сям’і — усе памерлі. Працаваў ён айцішнікам-фрылансэрам. Не было такога, каб ён скардзіўся, што за ім сочаць. Але апошнім часам Віталь стаў больш уважлівым — бывала, глядзеў, што за машыны пад’ехалі, хто зь іх выходзіць.

Наўпрост пагрозаў Віталю не было, але ў яго было кепскае прадчуваньне. Мне ён яго не выказваў, але аднаму нашаму знаёмаму пісаў за тыдзень да трагедыі: у мяне кепскае прадчуваньне, калі што, дагледзь Бажэну. Каб канкрэтна незнаёмцы падыходзілі да Віталя — такога не было.

Да мяне аднойчы на вуліцы ў цэнтры гораду падыходзілі нейкія людзі — як потым высьветлілася, запісвалі і здымалі», — расказала Бажэна.

Паводле дзяўчыны, Віталь выходзіў на прабежку не заўсёды, але пэрыядычна, па жаданьні. У ягоных паводзінах нічога незвычайнага, дзіўнага апошнім часам не было.

«Мы абое хварэлі з тыдзень, ляжалі ў ложках, глядзелі фільмы. Вядома, настрой у хворага чалавека ня ўзьнёслы, але ніякіх кепскіх думак у Віталя не было. Упэўнена, што ён ня мог учыніць самагубства. У яго не было для гэтага падставаў. І так са мной ён зрабіць ня мог. У нас былі сумесныя пляны на будучыню», — дадала дзяўчына.

«Беларускі дом ва Ўкраіне» — некамэрцыйная грамадзкая арганізацыя, створаная для дапамогі беларусам, пацярпелым ад рэжыму Лукашэнкі, гаворыцца на сайце арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG