На сустрэчы міністарка заявіла, што Нарвэгія заклікае Аляксандра Лукашэнку спыніць гвалт, правесьці свабодныя выбары, вызваліць палітвязьняў і даць дарогу апазыцыі і свабодзе выказваньня, паведамляе Reformation.
Па словах кіраўніцы нарвэскага зьнешнепалітычнага ведамства, Осла прыкладзе ўсе намаганьні, каб тэма Беларусі заставалася ў міжнародным парадку, і будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў краіне.
«Нарвэгія далучылася да ўсіх санкцыяў ЭЗ, і мы спадзяемся, што гэта дапаможа аказваць ціск на рэжым», — заявіла Эрыксэн Сёрэйдэ.
На сустрэчы з прадстаўнікамі Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Нарвэгіі абмяркоўвалася становішча беларускіх палітвязьняў і магчымая замена словаў Hviterussland/Kviterussland на Belarus.
Дэпутат парлямэнту Нарвэгіі ад Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Нарвэгіі (KrF) Гейр Таскедал і старшы палітычны дарадца партыі Альф Сёгардэн сустрэліся ў Осла са Сьвятланай Ціханоўскай, піша прэс-служба аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД).
Альф Сёгардэн адзначыў, што Ціханоўская «сапраўдная пераможца леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, але дыктатар Лукашэнка адчайна чапляецца за ўладу».
Гейр Таскедал — адзін з нарвэскіх дэпутатаў, якія вылучылі Ціханоўскую разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкала на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру. Ён сказаў прэс-службе БХД, што на сустрэчы адзначалася супраца KrF і БХД, абмяркоўвалася сытуацыя з дэмакратычным рухам у Беларусі, становішча вязьняў, эфэкт санкцыяў, магчымая замена назвы Беларусі ў нарвэскай мове з Hviterussland/Kviterussland на Belarus.
Таксама, сёньня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь беларусамі Нарвэгіі, удзельнічала больш за сто чалавек.
«Я вельмі ўдзячная вам за тое, што вы робіце ўсе гэтыя месяцы. Дзякуй за тое, што вы працуеце з нарвэскімі палітыкамі, амбасадамі, МЗС і „Yara“ — гэта вялізная дапамога. Дзякуй за вашу працу з медыя, за кніжны клюб і дні беларускага кіно — гэта неймаверна важна, — цытуе прамову перад дыяспарай ТГ-канал Сьвятланы Ціханоўскай. — Ведаеце, як і вам, мне вельмі балюча за тое, якой цаной нам даўся апошні год, і за тое, што гэтая цана становіцца большай. Але за год мы аб’ядналіся ўсім грамадзтвам і адчулі сябе адзіным народам.
І ўпершыню ва ўсіх нас ёсьць не чыё-небудзь чужое, а нашае ўласнае ўяўленьне, у якой краіне мы хочам жыць, якую будучыню мы марым пабудаваць для сваіх дзяцей і ўнукаў.
Ведаеце, усе гэтыя месяцы я казала, што новая Беларусь наступіць пасьля перамен, пасьля новых выбараў. Але ж новая Беларусь ужо жыве ў нас унутры. Яна ў кожным вашым сьцягу, у кожным маленькім ахвяраваньні на дапамогу актывістам, у кожнай паштоўцы, якую вы дасылаеце за краты».
- У гэтыя дні яна правядзе перамовы зь міністаркай замежных спраў Інэ Марые Эрыксэн Сёрэйдэ, а таксама генэральным дырэктарам кампаніі Yara Свайнам Турам Гульсэтэрам.