На форумах хакеры сьцьвярджаюць, што літоўскія дыпляматы ў сваёй перапісцы раскрылі сакрэты ЗША супраць Эўропы — найбольш што тычыцца «Паўночнага патоку — 2». Нібыта ў лістах таксама абмяркоўваюцца адносіны зь Беларусьсю і Кітаем, паведамляе сайт літоўскай публічнай тэлевізіі і радыё lrt.lt.
Адзін з карыстальнікаў форуму цьвердзіць, што ў дакумэнтах абмяркоўваецца «падрыхтоўка да вайны зь Беларусьсю», у тым ліку «ядзерныя ўдары».
Расейска-беларускія вайсковыя вучэньні «Захад-2021» маюць пачацца ў верасьні, але, паводле літоўскіх абаронных ведамстваў, кібэрнэтычны і інфармацыйны элемэнт вучэньняў ужо пачаўся.
Пакуль ня ясна, якія дакумэнты працяклі і ці сапраўдныя яны. У ранейшых маштабных працёках, у датычнасьці да якіх падазравалі расейскіх хакераў, былі зьлітыя як сапраўдныя, так і падробленыя дакумэнты.
МЗС не адмаўляе, што супраць яго была ўчыненая спроба кібэратакі, але не паведамляе ніякіх дэталяў.
Сёньня пра здарэньне намякнула ў размове зь літоўскім публічным радыё LRT дарадчыца прэзыдэнта ў пытаньнях замежнай палітыкі Аста Скайсгірыце.
Яна паведаміла, што ў яе ёсьць інфармацыя пра дакумэнты, скрадзеныя ў МЗС.
Міністэрства замежных спраў, якое напярэдадні паведаміла пра спробу ўчыніць супраць яго інфармацыйна-кібэрнэтычную атаку, не пракамэнтавала словы дарадчыцы прэзыдэнта.
«Беспарадкі каля Сойму, беспарадкі ў Рудніках, розная інфармацыя, якая зьявілася ў той самы дзень, калі былі скрадзеныя важныя дакумэнты зь Міністэрства замежных спраў», — сказала Скайсгірыце карэспандэнту радыё LRT.
«Занадта шмат супадзеньняў, каб яны былі выпадковымі», — дадала яна.
Як паведамляе LRT, сярод інфармацыі, якою ўдалося завалодаць хакерам, — перапіска міністэрства з амбасадамі ў замежных краінах.
Гэта была ня першая страта важных дакумэнтаў у Міністэрстве замежных спраў — некалькі гадоў таму Літва мусіла даваць тлумачэньні наконт гэтага партнэрам у Эўразьвязе і NATO.
Сёньня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ёсьць некаторыя прыкметы таго, што ў выніку кібэратакі на Міністэрства замежных спраў была зьлітая сакрэтная інфармацыя.
«Вядзецца расьсьледаваньне, без сумневу, мы ацэнім шкоду, нанесеную гэтай кібэратакай. Аднак ёсьць некаторыя прыкметы таго, што пэўная інфармацыя працякла. І гэта інфармацыя з грыфам «сакрэтна», — заявіў кіраўнік дзяржавы ў інтэрвію delfi.lt у чацвер.
Паводле Наўседы, працёк інфармацыі «можа нанесьці істотную шкоду перш за ўсё саюзьнікам».
«Але гэта патэнцыйная шкода, якую я пакуль не магу публічна раскрыць», — сказаў прэзыдэнт Літвы.