Днём каля парлямэнту сабраліся каля 4500 чалавек, акцыя праходзіла без інцыдэнтаў, паведаміў Delfi.lt. Яны выступалі супраць намеру ўраду ўвесьці абмежаваньні для непрышчэпленых (не плаціць ім «бальнічныя», калі яны захварэюць на COVID, дазваляць звальняць з працы, калі яны адмаўляюцца ад прышчэпкі). Гучалі патрабаваньні адмяніць абавязковую вакцынацыю і тэставаньне.
Мітынг быў дазволены да 17-й гадзіны, але людзі не разышліся. Яны не дазвалялі дэпутатам пакінуць будынак. Паліцыя сьцягнула на месца пратэсту дадатковыя сілы, паведамілі літоўскія СМІ.
Па 23-й гадзіне паліцыя пачала выцясьняць пратэстоўцаў. У адказ паляцелі камяні і бутэлькі. Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ. Відавочцы чулі два выбухі, але прадстаўнік паліцыі заявіў, што яны не выкарыстоўвалі гранат.
Пратэстоўцаў разагналі каля 2-й гадзіны ночы. 26 чалавек затрымалі.
Ураньні 11 жніўня паліцыя паведаміла пра 10 пацярпелых супрацоўнікаў. Трох паліцыянтаў шпіталізавалі — аднаго з кантузіяй ад выбуху, дваіх — зь пераломамі ног ад выбуховага пакету і камянёў.