Паводле дадзеных Greenpeace Russia, ад пачатку году да 10 жніўня плошча, пройдзеная агнём, дасягнула 16,451 млн га, або 164,5 тысячы квадратных кілямэтраў.
У попел ператварыліся лясныя масівы на тэрыторыі, якая магла б зьмясціць усю Грэцыю (131,9 тысячы кв км), чатыры Даніі (43 тысячы кв км) або палову Нямеччыны (357 тысяч кв км).
Толькі за мінулыя суткі плошча пажараў павялічылася на 0,4 млн га, ахапіўшы прастору, роўную Маскве і Санкт-Пецярбургу разам узятым (0,26 і 0,14 млн га адпаведна).
Зонай бедзтва застаецца Якуція, дзе лютуюць 323 пажары.
Рэзкае пагаршэньне сытуацыі прынёс жнівень, з пачатку якога зона пажараў, прызнаных немэтазгоднымі да тушэньня, вырасла ў 2,5 разы, ахінуўшы зьедлівым дымам больш за тысячу населеных пунктаў і зрабіўшы Якуцію найбуйнейшай у сьвеце крыніцай выкідаў вуглякіслага і ўгарнага газу.
Расьцягнуўшыся ад Манголіі да Паўночнага полюсу, дым сібірскіх пажараў ахутаў імглою неба ў Якуцку, Новасібірску і Краснаярску, аэрапорт якога трэці дзень запар вымушаны затрымліваць і адмяняць рэйсы — у сярэднім па 30 у дзень. У асноўным праблемы ўзьнікаюць раніцай, калі смог робіцца найбольш густым.