Паліну Шарэнду-Панасюк этапуюць зь берасьцейскага СІЗА-7 у гомельскую калёнію
Берасьцейскую актывістку адправяць адбываць тэрмін пакараньня ў Гомель, паведаміў праваабаронцам яе муж Андрэй Шарэнда.
Раней Маскоўскі суд Берасьця пакараў Паліну Шарэнду-Панасюк 2 гадамі калёніі на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
За кратамі палітзьняволеная знаходзіцца ад пачатку гэтага году. Андрэй Шарэнда здолеў пакінуць Беларусь напярэдадні свайго суду. У сям’і непаўналетнія дзеці.
Пісаць лісты падтрымкі Паліне Шарэндзе-Панасюк цяпер можна на адрас:
ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.
Палітзьняволеную валянтэрку адпусьцілі на волю з «Валадаркі» да суду
Валянтэрку зь Менску Кіру Баярэнку затрымалі 10 лютага. Пад вартай яна правяла паўгода. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на Кіру завялі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Да сёньня дзяўчына ўтрымлівалася ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Менску. 11 жніўня праваабаронцам стала вядома, што Кіры зьмянілі меру стрыманьня. Да суду яе адпусьцілі пад паручальніцтва родных.
З «хіміі» на чарговую «хімію»
10 жніўня ў судзе Ленінскага раёну судзьдзя Алена Літвіна вынесла прысуд жыхару Менску Аляксандру Ігнатовічу. Паводле зьвестак праваабаронцаў, раней Аляксандра неаднаразова судзілі. На момант учорашняга прысуду ён ужо адбываў пакараньне на «хіміі» у Магілёве — за злоснае хуліганства, не зьвязанае з палітыкай. У суд Ігнатовіч прыбыў у суправаджэньні супрацоўніка міліцыі.
Раней мужчына ў адным з тэлеграм-каналаў, прызнаным экстрэмісцкім, пад фота пракурора і супрацоўніка міліцыі зь Менску пакінуў абразьлівыя камэнтары, якія суправаджаліся нецэнзурнымі выразамі.
У сувязі з гэтым на Аляксандра завялі крымінальную справу па артыкуле 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады»). Сваю віну ён прызнаў, тлумачачы свой учынак тым, што быў на эмоцыях.
Паводле рашэньня суду, ён павінен выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі пацярпелай пракурорцы. Супрацоўнік міліцыі заявы аб кампэнсацыі не падаваў. Таксама Ігнатовічу трэба будзе адбыць яшчэ 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі, хоць да выхаду з магілёўскай «хіміі» яму заставалася каля двух месяцаў. Шляхам складаньня з пакінутым па папярэднім прысудзе пакараньнем агульны тэрмін зьняволеньня склаў 2 гады і 8 месяцаў.