Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пад прыцэлам Лукашэнкі». У Варшаве прэзэнтавалі кнігу пра рэпрэсаваных беларускіх журналістаў. ФОТА


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 8 жніўня 2021 году
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 8 жніўня 2021 году

Над кнігай працавалі 29 журналістаў польскіх СМІ. Аўтары пісалі яе бясплатна, выдавецтва апублікавала за свой кошт, грошы ад рэалізацыі пойдуць на падтрымку рэпрэсаваных беларускіх журналістаў.

9 жніўня ў Варшаве прайшла прэзэнтацыя кнігі «Partyzanci. Dziennikarze na celowniku Łukaszenki» («Партызаны. Журналісты пад прыцэлам Лукашэнкі»), над якой працавалі 29 журналістаў зь некалькіх дзясяткаў польскіх СМІ.

Кніга «Партызаны. Журналісты пад прыцэлам Лукашэнкі» складаецца з 20 рэпартажаў. На 300 старонках выданьня — матэрыялы пра Рамана Пратасевіча, Сьцяпана Пуцілу, Юлію Слуцкую, Кацярыну Андрэеву, Дар’ю Чульцову, Натальлю Радзіну, Анджэя Пачобута і іншых беларускіх журналістаў, якія апынуліся ў турме, выгнаньні або зазнаюць іншы ціск з боку рэжыму Лукашэнкі.

Польскія журналісты працавалі над кнігай бясплатна. Яе выданьнем займалася выдавецтва з Торуні, якое адмовілася ад прыбытку і надрукавала кнігу за свой кошт. Пасьля запуску праекту аўтары кнігі запусьцілі збор грашовых сродкаў на польскім партале Pomagam.pl (парог усталяваны на 20 000 zł — каля 12 тысяч беларускіх рублёў). Частка сабраных грошай пойдзе на тое, каб пакрыць выдаткі, зьвязаныя з друкам кнігі, а другую частку перададуць арганізацыі Białoruś w fokusie, якая затым адправіць грошы рэпрэсаваным беларускім журналістам або тым прадстаўнікам СМІ, якія маюць патрэбу ў такой падтрымцы. На гэты момант на партале сабрана больш за 10 тысяч злотых, або каля 6500 беларускіх рублёў.

«Партызаны. Журналісты ў прыцэле Лукашэнкі». Вокладка кнігі «Partyzanci. Dziennikarze na celowniku Łukaszenki»
«Партызаны. Журналісты ў прыцэле Лукашэнкі». Вокладка кнігі «Partyzanci. Dziennikarze na celowniku Łukaszenki»

Прэзэнтацыю кнігі правёў старшыня Press Club Polska Ярослаў Уладарчык, у ёй таксама ўзялі ўдзел Арлета Бойке — журналістка польскага тэлеканалу TVP, ініцыятарка і каардынатарка праекту. Рэдактар кнігі Міхал Патоцкі — журналіст, рэдактар газэты Dziennik Gazeta Prawna.

Герой кнігі Пісальнік: У Беларусі адбываецца гуманітарная катастрофа

У прэзэнтацыі ўзяў удзел і адзін з герояў кнігі Анджэй Пісальнік — прадстаўнік польскай меншасьці ў Беларусі, беларускі журналіст, які з прычыны перасьледу вымушана пакінуў краіну, а таксама Антон Рулоў, прадстаўнік Press Club Belarus, — ягоныя калегі ў Беларусі за кратамі.

«Гэтая кніга мае капітальнае значэньне для будучых адносін паміж беларусамі і палякамі, — кажа Свабодзе адзін з герояў кнігі, журналіст Анджэй Пісальнік. — Я рады, што ў Польшчы стварылі і рэалізавалі такую ініцыятыву, таму што гэта вельмі моцны жэст салідарнасьці зь беларускімі журналістамі, які зазналі перасьлед. І я спадзяюся, што ў будучыні гэта прывядзе да добрых стасункаў паміж палякамі і беларусамі, а таксама да ўспрыманьня беларускай дзяржавай, спадзяюся, што неўзабаве дэмакратычнай, польскай нацыянальнай меншасьці».

Пісальнік падкрэсьліў, што цяпер прапаганда Лукашэнкі спрабуе прадставіць палякаў ворагамі:

«Стаўленьне да польскай меншасьці цяпер нэгатыўнае. Я спадзяюся, што такія жэсты, як сёньняшні, зробяць так, што беларуская дзяржава і беларускае грамадзтва будзе ставіцца да палякаў прыязна, як да дружалюбнага і братэрскага народу. І гэта адзін з аспэктаў рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Гэта я кажу як прадстаўнік польскай меншасьці. А як журналіст я б сказаў тое ж самае, толькі ў кантэксьце журналісцкага супрацоўніцтва і журналісцкай салідарнасьці, якая важная ў любыя часы і ва ўсіх краінах».

Пісальнік зазначыў, што будзе працягваць выконваць сваю «журналісцкую місію».

Анджэй Пісальнік
Анджэй Пісальнік

«Сёньня я адчуваю тое, што адчуваў, калі прыняў рашэньне ўцякаць з краіны, што мая місія была ў тым, каб праінфармаваць грамадзкасьць, праінфармаваць людзей у Польшчы, што ў Беларусі адбываецца дэ-факта гуманітарная катастрофа ў адносінах да прадстаўнікоў СМІ і апазыцыі. Сотні людзей пакутуюць у турмах толькі таму, што яны хочуць быць сумленнымі асобамі. І сёньня ў час прэзэнтацыі кнігі ў мяне было адчуваньне гэтай місіі, якую я павінен выканаць, а менавіта — гучна гаварыць пра тое, што адбываецца зь людзьмі ў Беларусі», — кажа Анджэй Пісальнік.

Адзін з аўтараў кнігі: журналісты не рыхтаваліся да такіх ваенных умоваў працы

Рэдактар газэты Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі кажа Свабодзе, што ў яго шмат калегаў, знаёмых, сяброў у Беларусі:

«Я займаюся Беларусьсю вельмі даўно, і мы таксама сустракаліся зь імі [беларускімі калегамі] 7–8 жніўня, яшчэ да выбараў, — сказаў польскі журналіст, рэдактар газэты Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі. — Мы ўсе разумелі, што ў Беларусі будзе вельмі няпроста, думалі, што будуць рэпрэсіі. Ужо тады было відавочна, што распачнуцца пратэсты, масавыя дэманстрацыі. Але ніхто, ані з замежных, ані зь беларускіх журналістаў ня думаў, што ўсё будзе настолькі жорстка і брутальна, як гэта адбылося. І я думаю, што ніхто не рыхтаваўся да такіх ваенных умоваў працы».

На пытаньне, ці паўплывалі ўбачаныя падзеі, якія адбываліся пасьля і падчас выбараў летась у Беларусі, на ягонае рашэньне стаць суаўтарам і рэдактарам кнігі «Partyzanci. Dziennikarze na celowniku Łukaszenki», Міхал Патоцкі адказаў:

«Крыху так. Я заўсёды хацеў напісаць кнігу пра Беларусь. Калі Алета Бойке (каардынатарка праекту) прапанавала польскім журналістам, каб яны аб’ядналіся і разам напісалі кнігу пра беларускіх журналістаў, і калі я таксама ўбачыў у фэйсбуку такую канцэпцыю, то адразу прыйшоў да Арлеты і сказаў: „Я з табой, можаш на мяне разьлічваць“. Паколькі ў сябе ў газэце я рэдактар, то прапанаваў, што калі будзе такая патрэба, я магу таксама працаваць рэдактарам гэтай кнігі».

Прэзэнтацыя кнігі «Партызаны. Журналісты ў прыцэле Лукашэнкі». Варшава, 9 жніўня 2021 году. Выступае Арлета Бойке (Arleta Bojke), за ёю Міхал Патоцкі (Michał Potocki) у масцы і Ярослаў Уладарчык (Jarosław Włodarczyk). У чырвоным Наташа Скупіньска (Natasza Skupińska) з арганізацыі Białoruś w Fokusie
Прэзэнтацыя кнігі «Партызаны. Журналісты ў прыцэле Лукашэнкі». Варшава, 9 жніўня 2021 году. Выступае Арлета Бойке (Arleta Bojke), за ёю Міхал Патоцкі (Michał Potocki) у масцы і Ярослаў Уладарчык (Jarosław Włodarczyk). У чырвоным Наташа Скупіньска (Natasza Skupińska) з арганізацыі Białoruś w Fokusie

Міхал Патоцкі падкрэсьліў, што вельмі задаволены, што кнігу ўдалося напісаць у кароткія тэрміны і прэзэнтаваць у гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Я вельмі цешуся, што я частка гэтага праекту. Вельмі цешуся, што меў нагоду папрацаваць, і цешуся, што ў нас атрымалася зрабіць усё так хутка, каб на 9 жніўня, ужо на гадавіну выбараў, прэзэнтаваць гэтую кнігу публічна. У нас было 3 месяцы на яе напісаньне і выданьне, трэба было сапраўды вельмі хутка працаваць. Я крыху баяўся, што мы не пасьпеем. Але кніга ёсьць, і я вельмі задаволены».

Міхал Патоцкі разам з журналістам часопіса Newsweek Polska Марыюшам Кавальчыкам апісаў гісторыю Іосіфа Сярэдзіча, заснавальніка і галоўнага рэдактара беларускай газэты «Народная воля».

«Ён адзін з журналістаў, які памятае савецкія часы і першыя гады незалежнай Беларусі, памятае, як Лукашэнка абмяжоўваў свабоду слова, магчымасьці нармальнай журналісцкай працы. Для многіх беларускіх прадстаўнікоў СМІ ён сымбаль журналістыкі. І для мяне вялікі гонар, што я мог яго апісваць», — падкрэсьліў Міхал Патоцкі.

«Чаму менавіта Івулін? — адказвае на пытаньне пра аспэкты выбару герояў кнігі журналіст Radio Zet Пётр Драбік, які разам з журналісткай Катажынай Копець-Земчык апісаў гісторыю журналіста спартовага выданьня Tribuna.com Аляксандра Івуліна. — Мы хацелі, каб кніга паказала самы шырокі спэктар, і нам не хапала журналіста са спартыўнай супольнасьці. Хтосьці з каманды людзей, якія падрыхтоўвалі кнігу, прапанаваў напісаць пра Івуліна. Я таксама пытаўся ў сваіх знаёмых зь Беларусі, каго са спартыўных журналістаў можна было б апісаць, і ўсе казалі ў адзін голас, што такі чалавек — Аляксандар Івулін. Тым больш, што мы ўзяліся за гэтую тэму літаральна праз 2–3 дні пасьля ягонага затрыманьня».

Драбік зазначыў, што для яго асабліва цяжка было зьвязацца зь сябрамі і сямʼёй арыштаванага беларускага калегі, але ў выніку зрабіць гэта атрымалася.

«Мы зьбіралі камэнтары ад людзей з Tribuna.com, і ў нас таксама было шмат расейскіх і беларускіх крыніц з інфармацыяй пра Івуліна, — расказвае далей Драбік. — Нам вельмі хацелася апісаць гэтую гісторыю ня толькі з пункту гледжаньня „чарговы рэпрэсаваны журналіст“, але таксама паказаць, хто ён. І гэта самае галоўнае ў гэтай кнізе — паказаць профіль гэтых герояў ня толькі з прычыны таго, што зь імі здарылася, але паведаміць пра тое, хто яны і чаму займаліся тымі ці іншымі тэмамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG