Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі пасьля заяваў Лукашэнкі па Крыме


Будынак МЗС Украіны
Будынак МЗС Украіны

10 жніўня ў Міністэрства замежных спраў Украіны выклікалі часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне Кірыла Чарота, каб выказаць яму рашучы пратэст у сувязі з шэрагам заяваў Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку па Крыме, падчас учорашняй прэс-канфэрэнцыі.

У МЗС Украіны назвалі гэтыя заявы «недапушчальнымі».

«Перш за ўсё, беларускага дыплямата перасьцераглі, што выказваньні А. Лукашэнкі па гатоўнасьці прызнаць расейскі сувэрэнітэт над часова акупаваным украінскім Крымам зьяўляюцца раўназначнымі саўдзелу ў злачынстве Крамля супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны, з усімі зьвязанымі міжнародна-прававымі наступствамі. Такімі заявамі ён парушае міжнародныя абавязаньні Беларусі па выкананьні нормаў і прынцыпаў міжнароднага права», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Украіны.

У ведамстве адзначылі, што «ва Ўкраіне таксама зьвярнулі ўвагу на пагрозы Лукашэнкі „паставіць на калені“ Ўкраіну, прыкрываючыся Пуціным».

«Беларускаму дыплямату паказалі на тое, што гэтыя словы зьяўляюцца праявай слабасьці Беларусі, а не дэманстрацыяй сілы. Пуцін ня здолеў паставіць Украіну на калені, таму надзеі Лукашэнкі на яго зьяўляюцца пройгрышнай стаўкай», — дадалі ў МЗС.

Ад беларускага боку таксама запыталі тлумачэньняў наконт словаў Лукашэнкі, «якія могуць сьведчыць аб тым, што беларускі бок дазволіў самазваным «пракурорам» з часова акупаванага Луганску дапытаць Рамана Пратасевіча. У выпадку пацьверджаньня гэта будзе супярэчыць раней атрыманаму ўкраінскім бокам афіцыйнаму адказу МЗС Беларусі, якое катэгарычна абвяргае гэты факт».

Беларускі бок пакуль не рэагаваў на пратэст Украіны.

Да гэтага ў Міністэрстве замежных спраў Украіны ўжо адзначалі, што падтрымка Менскам «супрацьпраўнай палітыкі Крамля» адносна парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны будзе мець наступствы.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падумвае аб прамых авіязносінах з Крымам у адказ на санкцыі Кіева.

«Вы (Украіна. — РС) зрабілі ўсё і праклалі мне маршрут у Крым. Калі мне трэба будзе, я сяду ў самалёт і палячу», — цытуе Лукашэнку ТАСС.

Лукашэнка сказаў, што чырвоная рыса ў адносінах з Украінай была пяройдзеная тады, калі Кіеў спыніў авіязносіны зь Беларусьсю.

Раней Лукашэнка заяўляў, што прызнае анэксаваны Крым «расейскім» тады, калі «апошні расейскі алігарх» пачне пастаўляць прадукцыю на паўвостраў. Таксама Лукашэнка сьцьвярджаў, што пераступіць праз Будапэшцкі мэмарандум, таму што ў яго «рукі разьвязаныя».

1 чэрвеня Лукашэнка казаў, што даручыў прапрацаваць пытаньне аб адкрыцьці авіярэйсаў зь Беларусі ў анэксаваны Расеяй Крым. У МЗС Украіны прыгразілі Беларусі санкцыямі за палёты ў Крым.

Краіны Захаду не прызналі перамогу Лукашэнкі на выбарах у сувязі з фальсыфікацыямі, а таксама ўвялі супраць Беларусі некалькі пакетаў санкцый. Яны заклікаюць правесьці ў краіне новыя выбары з захаваньнем дэмакратычных стандартаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG