Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікая размова» Лукашэнкі. Паўтарэньне пройдзенага


Падчас «Вялікай размовы».
Падчас «Вялікай размовы».

Лукашэнка паставіў чарговы рэкорд выступу. Больш за 8 гадзін. Праўда, не зусім зразумела, навошта было так шмат гаварыць. Гэта якраз той выпадак, калі колькасьць не пераходзіць у якасьць.

Сьцісла

  • Мерапрыемства малазразумелае, бо ніякага важнага пасланьня публіка не атрымала.
  • Мы пачулі тую вэрсію падзей мінулага году, якую чуем шмат месяцаў.
  • Лукашэнка прапаноўваў Захаду перамовы і адначасова шантажаваў ЭЗ і ЗША.
  • Вельмі рэзка Лукашэнка крытыкаваў пазыцыю Ўкраіны. Ягоныя ацэнкі па гэтым пытаньні мала адрозьніваліся ад рыторыкі расейскай тэлевізіі.


Можна было чакаць, што Лукашэнка падчас так званай «Вялікай размовы» хоча зрабіць нейкае важнае пасланьне беларусам, намэнклятуры ці сусьвету. Ці прапануе палітычны каляндар пераменаў. Ці растлумачыць, навошта патрэбная Беларусі канстытуцыйная рэформа.

Аднак не. Нічога гэтага сказана не было. Мы пачулі тую вэрсію падзей мінулага году, якую чуем шмат месяцаў. Гучала стандартная агрэсіўная рыторыка на адрас унутраных апанэнтаў, Захаду. Таму ўцямнага адказу на пытаньне, для чаго ўсё гэта было, так і не атрымалі.

Адказваючы на вострыя пытаньні СМІ Эўразьвязу і ЗША, ён быў раззлаваны, раздражняўся, выходзіў зь сябе. Некалькі разоў казаў, што яго хочуць прыцягнуць да адказнасьці ў судзе ў Гаазе. Чамусьці гэтая тэма яго надта хвалюе.

Лукашэнка прапаноўваў Захаду перамовы і адначасова шантажаваў ЭЗ і ЗША. Пужаў мігрантамі, ядзернымі матэрыяламі. І ўрэшце, падвышаючы стаўкі, ён заявіў, што гвалтоўнае адхіленьне яго ад улады азначала б трэцюю сусьветную вайну. То бок пытаньне ставіцца так: альбо згода на ўладу Лукашэнкі над Беларусьсю, альбо сусьветная вайна. Выбірайце!

Што тычыцца пытаньня пра інтэграцыю з Расеяй, Лукашэнка вярнуўся да сваёй ранейшай рыторыкі. Маўляў, Масква сама сабатавала стварэньне «саюзнай дзяржавы», перашкода да інтэграцыі — няроўнасьць цэнаў на энэргарэсурсы, і інш. Моцна абураўся заявамі асобных расейскіх прапагандыстаў на ТВ.

Вельмі рэзка крытыкаваў пазыцыю Ўкраіны. Ягоныя ацэнкі сытуацыі вакол Данбасу мала адрозьніваліся ад рыторыкі расейскай тэлевізіі. Можна сказаць, што ў пытаньні канфлікту паміж РФ і Ўкраінай Менск адмовіўся ад палітыкі нэўтралітэту, якую ён праводзіў пасьля 2014 году. Аднак абяцаньня прызнаць Крым расейскія журналісты так і не атрымалі.

Яшчэ некалькі характэрных эпізодаў выступу. Разважаючы пра дрэнныя паводзіны пратэстоўцаў, Лукашэнка заявіў: «Я буду зь імі размаўляць на мове закону? Які закон?»

Прагучала загадкавая рэпліка пра хуткае зьяўленьне ў краіне новага прэзыдэнта. Яе можна трактаваць як заўгодна.

І шэдэўрам лукашэнкаўскага красамоўства стаў эпізод, дзе ён апавядаў, як прасіў прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына ня ўводзіць уласныя грошы і ня кідаць Беларусь у крытычную сытуацыю. Усё б нічога, але гістарычны факт палягае ў тым, што Расея ўвяла свае грошы ў 1992 годзе, што вымусіла Беларусь тады ж уводзіць беларускія «зайчыкі». А Лукашэнка, нагадаю, стаў прэзыдэнтам у 1994 годзе. Дробязь, але яна вельмі яскрава характарызуе галоўнага пэрсанажа «Вялікай размовы».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG