Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранцкі крызіс: Літва і Латвія пашыраюць паўнамоцтвы войска пры ахове дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю


Патруль латвійскіх памежнікаў, архіўнае фота
Патруль латвійскіх памежнікаў, архіўнае фота

Пасьля таго, як Літва стала разварочваць мігрантаў з Азіі і Афрыкі назад у Беларусь, адкуль яны прыходзілі, рэзкае павелічэньне патокаў мігрантаў фіксуюць улады Латвіі і Польшчы.

Літоўскія памежнікі за панядзелак не пусьцілі ў краіну амаль 100 мігрантаў пасьля незаконнага перасячэньня імі мяжы, паведамляе літоўская рэдакцыя Delfi са спасылкай на службу аховы мяжы.

У паведамленьні таксама апісваецца становішча на мяжы. Зь беларускага боку заўважылі палёты вэрталётаў, ахова мяжы ўзмоцненая. Літоўскія памежнікі таксама выкарыстоўвалі авіяцыю для назіраньня за тэрыторыяй. Статыстычны партал Літвы пакуль не паведамляе пра затрыманьні мігрантаў 9 жніўня.

Агулам з пачатку году літоўскія памежнікі затрымалі пасьля незаконнага пераходу мяжы 4112 чалавек. Гэта амаль у 51 раз больш, чым летась.

Сэйм Літвы 10 жніўня разгледзіць закон аб дадатковых паўнамоцтвах для войска для выкананьня задач па ахове мяжы, а таксама аб будаўніцтве агароджы на мяжы зь Беларусьсю.

Тым часам латвійская служба парталу Delfi інфармуе пра павелічэньне плыні мігрантаў у Латвію, дзе раней фіксаваліся толькі рэдкія групы ахвотнікаў перайсьці мяжу. За мінулыя суткі памежныя заставы Латвіі затрымалі каля 200 мігрантаў, а ў апошнюю ноч яшчэ 65.

Начальнік памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуяцс заявіў, што на мяжы зь Беларусьсю рэзкае ўзрастаньне колькасьці мігрантаў фіксуецца з 6 жніўня. Прычым мігранты спрабуюць пераходзіць мяжу вялікімі групамі, што сьведчыць пра арганізаванасьць іх дастаўкі да тэрыторыі Латвіі.

Латвійскія ўлады для аховы мяжы ўвялі ўзмоцнены нагляд і мабілізавалі рэсурсы Дзяржаўнай памежнай аховы і войска. Падтрымлівае латвійскіх памежнікаў Эўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex. 10 жніўня ўрад Латвіі разгледзіць пытаньне аб абвяшчэньні надзвычайнай сытуацыі ў памежнай зоне каля латвійска-беларускай мяжы.

Акрамя таго, павелічэньне патокаў мігрантаў адбылося ў Польшчы. З тэрыторыі Беларусі толькі з 6 па 8 жніўня мяжу незаконна перайшлі 349 чалавек, пераважна грамадзяне Іраку і Аўганістану, якія выкарыстоўвалі Беларусь як транзытную краіну з тым, каб трапіць у Эўразьвяз. За ўвесь год толькі Падляскі аддзел польскай памежнай варты затрымаў 871 мігранта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG