Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралія выходзіць з угодаў з Кітаем з прычыны палітычнай канфрантацыі


Міністарка ўнутраных справаў Аўстраліі Марыз Пэйн
Міністарка ўнутраных справаў Аўстраліі Марыз Пэйн

Аўстралійскія ўлады адмянілі дзьве ўгоды, заключаныя памiж яе штатам Вікторыя і Кітаем. Пагадненьні тычыліся пэкінскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» — праекту, які на Захадзе разглядаюць як інструмэнт мяккай сілы КНР. Пра гэта ў сераду паведамляе Reuters.

Разрыў адбыўся ў выніку рашэньня міністаркі ўнутраных справаў краіны Марыз Пэйн. Паводле яе, усяго плянуецца скасаваць чатыры такія дамовы. Усе яны, як падкрэсьлівае міністарка, «несумяшчальныя з вонкавай палітыкай Аўстраліі».

Як удакладняе агенцтва, ініцыятыва рэалізаваная на фоне паглыбленьня дыпляматычнай канфрантацыі Канбэры з Пэкінам, які раней увёў санкцыі супраць экспарту аўстралійскіх тавараў.

«Адзін пояс, адзін шлях» — ключавы замежнапалітычны праект ураду Сі Цзіньпіна. Ён прадугледжвае стварэньне трох сухапутных і двух марскіх калідораў, якія пройдуць у канчатковым выніку праз усё Ўсходняе паўшар’е. Існуе засьцярога, што Кітай зьбіраецца выкарыстоўваць праект для эканамічнага, а потым і палітычнага заняволеньня некаторых краін-удзельніц.

Выхад аўстралійскага штату з угоды з Кітаем адбываецца на фоне агульнага пераасэнсаваньня адносін паміж Захадам і КНР. Гэты вэктар атрымаў дадатковы імпульс дзякуючы прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну, які абвясьціў, што цяперашняе стагодзьдзе стане стагодзьдзем барацьбы дэмакратыяў супраць аўтакратыяў, да якіх ён аднёс, у першую чаргу, Кітай і Расею.

Разам з тым кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас, якога Reuters цытуе 21 красавіка, заявіў, што Эўразьвязу неабходна ўзаемадзейнічаць з Кітаем нягледзячы на вялікую колькасьць рознагалосьсяў. Ён падкрэсьліў, што ЭЗ разглядае Пэкін як «партнэра, канкурэнта і сыстэмнага суперніка адначасова». «Ва ўсіх гэтых трох вымярэньнях нам патрэбныя трывалыя, устойлівыя каналы сувязі з Пэкінам. Разьяднаньне — няправільны шлях», — сказаў ён, рыхтуючыся да сустрэчы са сваім кітайскім калегам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG