Такое рашэньне прынялі ўлады Іраку. Яно тычыцца ўсіх перавозьнікаў.
Дазволена толькі рабіць вывазныя рэйсы — без пасажыраў на борце пры вылеце з Іраку.
Раней з Іраку ў Беларусь былі простыя рэйсы з Багдаду, Басры, Эрбілю і Сулейманіі.
Сёлета мяжу зь Беларусі ў Літву перасеклі больш за 4 тысячы мігрантаў. Большасьць зь іх ірацкія грамадзяне.
Ад 3 жніўня на загад міністра ўнутраных справаў літоўскія памежнікі пачалі вяртаць мігрантаў у Беларусь, транзытам церазь якую яны рушаць у Літву з краін Азіі і Афрыкі.
4 жніўня Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра гібель іракца паблізу памежнага пункту ў Беняконях. Ён нібыта сканаў на руках беларускіх памежнікаў. Літоўскія службы заявілі, што прачыталі гэтую інфармацыю ў СМІ, а кіраўнік Міністэрства абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў гэтыя паведамленьні беларускага боку «правакацыяй».
6 жніўня два самалёты з Багдаду прыляцелі ў Менск без пасажыраў. 7 жніўня рэйс з Эрбілю быў адменены.