Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе ў справе Кудзіна дапыталі дзесяць сьведак, пераважна міліцыянтаў


Чэмпіён сьвету ў баявых адзінаборствах Аляксей Кудзін
Чэмпіён сьвету ў баявых адзінаборствах Аляксей Кудзін

Сёньня працягваўся суд у справе вядомага спартоўца Аляксея Кудзіна — падрабязнасьці паведамляе «Рэгіянальная газета»

Дапыталі дзесяць сьведак і дасьледавалі пісьмовыя крыніцы і відэа.

Амаль усе апытаныя сьведкі — міліцыянты, якія несьлі службу ў Маладэчне 10 жніўня.

Паводле ўсіх сьведак, грамадзян неаднаразова папярэджвалі пра незаконнасьць масавага мерапрыемства ў горадзе і адказнасьць за яго. Рабіў гэта ў рупар у складзе інфармацыйнай групы супрацоўнік інспэкцыі па справах непаўналетніх Аляксей Кафанаў.

Працавала на плошчы таксама група дакумэнтаваньня — супрацоўнік РАУС зь відэакамэрай і двое міліцыянтаў, якія яго прыкрывалі.

Згодна з паказаньнямі, відэа здымаў работнік Маладачанскага РАУС Дзьмітры Судніковіч.

Аднак, па яго словах, ён выключыў камэру за некалькі хвілін да таго, як на зямлі пабачыў непрытомнага вайскоўца, якога, як яму паведамілі, ударыў Кудзін.

На пытаньне суду, чаму ён выключыў камэру, сьведка адказаў:

— Я ўжо заставаўся адзін, без супрацоўнікаў. Баяўся за сваю бясьпеку.

Начальнік аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю Маладачанскага РАУС Дзьмітры Жартун, згодна зь яго паказаньнямі, бачыў удар:

— Заўважыў групу з 10–15 маладых людзей. Усе крэпкія хлопцы. Там быў і Кудзін. Заўважыў яго мускулы. Мы з асаблівай увагай глядзелі за гэтай групай, таму перайшлі ў левую частку ланцуга. Тут я заўважыў, што абвінавачаны рэзка падскочыў да ланцуга і нанёс удар. Ланцуг уздрыгнуў, супрацоўнік прысеў. Як падаў, я ня бачыў. Пасьля заўважыў, што супрацоўнік ляжыць на баку, з рота цячэ кроў. Зь яго ўжо зьнялі шлем. Спытаў у калег, хто ўдарыў. Яны адказалі, што Кудзін.

На пытаньне суду, выпадкова ці наўмысна Кудзін ударыў вайскоўца, Жартун адказаў, што ўдар быў спэцыяльна накіраваны. Ён гэта зразумеў, бо таксама займаўся адзінаборствамі.

Падчас вывучэньня відэа суд спытаў у Аляксея Кудзіна, наколькі праўдзівым было інтэрвію, якое той даваў, апынуўшыся за мяжой.

— Яно было праўдзівым часткова. Я паддаўся эмоцыям. Была крыўда. Думалася: я не апошні чалавек у краіне, дзесяць год быў у нацыянальнай зборнай. Столькі ўзнагародаў для Беларусі заваяваў, трэніраваў і рэкамэндаваў людзей для службы асабістай бясьпекі Лукашэнкі, а зь мяне робяць нейкага гопніка. Цяпер эмоцыі астываюць. У турме я зразумеў — трэба жыць у гэтай краіне і ўсім прабачыць. На відэа мае выказваньні часткова ўпрыгожаныя і дадуманыя, — сказаў Кудзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG