За рахунак арыштаванай маёмасьці Юры Чыж мае сплаціць 225 тысяч даляраў былому мэнэджару кампаніі «Трайпл» Мікалаю Чукісаву, якому права спагнаньня, у сваю чаргу, перадаў Уладзімер Япрынцаў, піша «Наша ніва».
У першы прыход судовых выканаўцаў, 22 ліпеня, трапіць унутр дома ім не ўдалося, бо знутры па двары бегалі вялікія сабакі, якія брахалі і палохалі супрацоўнікаў.
30 ліпеня выканаўцы зрабілі другую спробу трапіць за плот: на пастанову органаў прымусовага выкананьня спэцыялісты загналі іх у вальеры. Але ў выніку судовым выканаўцам удалося агледзець толькі ўчастак. У гэты момант зьявіліся невядомыя, якія сталі замінаць трапіць у дом, пры гэтым адвакат Чыжа абгрунтавала адмову адчыніць дзьверы «неналежным паведамленьнем пра візыт».
«Судовы выканаўца склаў акт згодна са скаргай прадстаўніка даўжніка, дзеяньні былі спынены згодна са скаргай, і працягнуцца ў найбліжэйшы час, пасьля новага паведамленьня», — сказаў Міхаіл Макараў, адвакат Мікалая Чукісава.
Па словах адваката, жыцьцю ягонага кліента пагражалі невядомыя абаронцы дома Чыжа, якія былі распазнаныя ім як супрацоўнікі «Трайплу», у сувязі з чым Чукісаў будзе зьвяртацца з заявай у міліцыю.
Дагэтуль невядома, ці знаходзіцца цяпер у доме Юрыя Чыжа раней апісаная маёмасьць.
Юры Чыж — некалі самы ўплывовы і набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Беларусі, чый бізнэс цяпер фактычна перастаў існаваць. «Трайпл» прызнаны банкрутам, сам Чыж — фігурант крымінальнай справы, а па кампэнсацыю пазык стаіць чарга.