Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне прыйшло паведамленьне, што па мяне прыйдуць». Журналіст Ігар Ільяш пра крымінальную справу і адмову зьяжджаць з краіны


Журналіст тэлеканалу „Белсат“ Ігар Ільяш пасьля 10 дзён зьняволеньня
Журналіст тэлеканалу „Белсат“ Ігар Ільяш пасьля 10 дзён зьняволеньня

26 ліпеня выйшаў з ізалятару Ігар Ільяш — аналітык і журналіст «Белсату». Ільяш — муж асуджанай на два гады калёніі за стрым з «Плошчы Пераменаў» журналісткі Кацярыны Андрэевай.

Ён правёў у ізалятары дзесяць дзён: Ільяша павезьлі на Акрэсьціна пасьля ператрусу ў яго дома 16 ліпеня. Толькі праз тыдзень стала вядома, што журналіст — падазраваны ў крымінальнай справе.

Ігар Ільяш расказаў тэлеканалу «Настоящее время» пра раптоўныя затрыманьне і вызваленьне, крымінальную справу і сваё нежаданьне зьяжджаць з краіны.

«Сутнасьць абвінавачаньня мне ніхто не паведамляў»

— Ігар, раскажыце, у чым канкрэтна вас абвінавачваюць? У адкрытых крыніцах я бачыла толькі, што гэта частка 1 артыкула 342 — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

— Парадокс і іронія сытуацыі ў тым, што мне вядома прыкладна столькі ж, колькі вядома шырокай грамадзкасьці. Я ведаю артыкул, але на чым канкрэтна палягае падазрэньне мяне — мне ніхто не паведамляў, не тлумачыў. Я ў поўным няведаньні дагэтуль. І гэта добра характарызуе сутнасьць таго, што адбылося. Гэта, безумоўна, была акцыя застрашваньня, палітычны перасьлед, перасьлед за іншадумства, ніякага дачыненьня да права гэтае затрыманьне, гэтая сэрыя арыштаў і ператрусаў, вядома, ня мела.

— А да вас не прыходзіў сьледчы і не казаў: «Вы Ігар Ільяш, які абвінавачваецца ў тым і ў гэтым, менавіта таму мы расьсьледуем вашую справу»?

— Сьледчы, безумоўна, быў, але інфармацыя ад яго абмяжоўвалася агульнавядомым. Я пад падпіскай пра невыдаваньне, але інфармацыя, якой я валодаю, практычна не адрозьніваецца ад таго, што ведае шырокая грамадзкасьць, што было ў адкрытых крыніцах. Ёсьць артыкул 342, частка першая, — той жа артыкул, па якім асуджана мая жонка. Сутнасьць [абвінавачаньня], якое я маю дачыненьне да гэтага артыкула, мне ніхто не паведамляў.

— Ці арганізоўвалі вы якія-небудзь масавыя беспарадкі ці нейкія дзеяньні, якія прывялі да парушэньня парадку, грамадзкага ладу і гэтак далей?

— Зразумела, не. Асаблівы абсурд сытуацыі ў тым, што артыкул 342 вельмі часта выкарыстоўваюць у дачыненьні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Гэта фактычна наш аналяг 58-га артыкула часоў сталінскіх рэпрэсіяў. Па ім фактычна кожнага ўдзельніка пратэсту можна падвесьці пад крымінальны перасьлед. Зразумела, як пад такі артыкул можна падвесьці журналістаў: яны асьвятлялі акцыі пратэстаў, таму можна дэ-факта сфальсыфікаваць абвінавачаньне для іх.

Парадокс, што я не палявы журналіст, я не асьвятляў акцыі пратэсту на месцы падзеяў, ня вёў стрым, ня вёў онлайн-рэпартажы альбо проста тэкставыя рэпартажы. Я спэцыялізуюся на журналісцкіх расьсьледаваньнях, на аналітыцы, працую пераважна дыстанцыйна. Таму абвінаваціць мяне ў арганізацыі такіх пратэстаў, прывязаць нейкім чынам да гэтага абвінавачаньня — гэта трэба праявіць максымальную фантазію. Як я і кажу, мне ніхто не патлумачыў, як наагул нарадзілася гэтае падазрэньне мяне. І гэта сьведчаньне таго, што фантазіі не хапіла.

— Які зараз ваш юрыдычны статус?

— Такі ж і застаецца: я падазраваны ў гэтай крымінальнай справе. Маю абмежаваньні на выезд з краіны, але пры гэтым не знаходжуся пад падпіскай аб нявыезьдзе. Гэта значыць, я магу перамяшчацца ў межах Беларусі, але не магу выяжджаць за яе межы.

«Ня зьеду з краіны, пакуль мая жонка за кратамі»

— Ці разумееце вы, чаму вас адпусьцілі? Я, шчыра кажучы, баялася, што гэта надоўга. І практыка паказвае, што людзей, якіх затрымліваюць па крымінальных артыкулах, ужо не адпускаюць, працягваюць трымаць у СІЗА.

— Прызнаюся, для мяне гэта было сюрпрызам. Я ўжо рыхтаваўся да таго, што мне абяруць меру стрыманьня — арышт — і адправяць у СІЗА на Валадарскага ў Менску. Калі зайшлі ў камэру і сказалі мне: «Ільяш, з рэчамі на выхад», — я, шчыра кажучы, ня ведаў, куды мяне вядуць — ці ў іншую камэру, каб потым этапаваць у СІЗА, ці адпускаюць, бо заканчваўся дзесяцідзённы тэрмін затрыманьня. У выніку выявілася, што адпускаюць.

Чаму мяне адпусьцілі, а іншых пакідаюць у турме? Ня варта рацыяналізаваць усе дзеяньні рэжыму, усе абароты гэтага махавіка рэпрэсіяў. Думаю, і ў часы сталінскіх рэпрэсіяў не заўсёды было зразумела, чаму гэтага чалавека арыштавалі і расстралялі, а другі застаўся жывы, застаўся працаваць. Так і цяпер — ня ўсе дзеяньні рацыянальныя, ня ўсе яны падпарадкоўваюцца строгай лёгіцы. Для мяне відавочнага адказу на пытаньне, чаму я зараз знаходжуся на волі, няма.

Падкрэсьлю толькі, што сам факт таго, што па мяне прыйдуць, для мяне ня быў сюрпрызам, гэта было відавочна. З разуменьнем, што рана ці позна па мяне могуць прыйсьці, я жыў як мінімум з моманту арышту жонкі, як максымум — ад пачатку палітычнай кампаніі 2020 году і пачатку рэпрэсіяў. Больш за тое, за два дні непасрэдна да майго затрыманьня 16 ліпеня мне паступіў наўпрост сыгнал, што прыйдуць па мяне. На мой нумар у тэлеграм-канале прыйшло паведамленьне са схаванага нумара, дзе быў прыкладна такі тэкст: «Рэжым рыхтуецца канчаткова вырашыць пытаньне з незалежнай прэсай. Не начуйце дома, не выкарыстоўвайце мабільны тэлефон. Гэты ўдар будзе накіраваны ў першую чаргу на журналістаў Радыё Свабода і «Белсату».

Калі я атрымаў паведамленьне, шчыра кажучы, не надаў яму вялікага значэньня. Падумаў, што, магчыма, гэта адзін з падпісантаў майго тэлеграм-каналу проста падзяліўся думкамі, прагнозамі.

«Хутчэй за ўсё, так», — падумаў я. Але калі ў пятніцу высьветлілася, што ўдар сапраўды трапіў па журналістах «Белсату» і Радыё Свабода, для мяне стала відавочна, што інфармацыю зьліў хтосьці са спэцслужбаў, хто меў доступ да плянаў гэтай спэцапэрацыі 16 ліпеня. І для мяне гэта пазытыўны і натхняльны сыгнал. Гэта значыць, што сыстэма спэцслужбаў не маналітная, што яна «працякае» і там ёсьць людзі, далёка ня цалкам упэўненыя ў тым, што Лукашэнка абраў правільную лінію паводзін, зрабіўшы стаўку на татальны палітычны тэрор.

— То бок гэта хтосьці, хто хацеў дапамагчы, папярэдзіў вас, каб вы зьбеглі?

— Так.

— Ігар, чаму Вы ня зьбеглі?

— Для мяне тут наагул няма ніякай дылемы. Я з моманту арышту жонкі ў лістападзе 2020 году заявіў, што не паеду з краіны, пакуль яна за кратамі. І пазыцыю з таго моманту я не мяняю. Для мяне гэтае затрыманьне, гэты статус падазраванага нічога не зьмяніў. Я як адштурхоўваўся ад гэтай пазыцыі, так і застаюся на ёй. Для мяне немагчыма, непрымальна — зьехаць з краіны, пакуль мая жонка за кратамі.

«Невыносныя ўмовы для палітвязьняў»: што адбывалася на Акрэсьціна

— Што адбывалася з вамі за кратамі?

— На Акрэсьціна ствараюць для палітвязьняў невыносныя ўмовы. Матрацы наагул не выдаюць.

— Вы бачылі ўжо фатаграфіі, якія сёньня апублікавала «Вясна»?

— Так.

— Гэта такія ж умовы, якія вы бачылі?

— Падобныя. Толькі адно ўдакладненьне: гэтыя фатаграфіі зь ЦІПу, а я сядзеў на ІЧУ — гэта таксама Акрэсьціна, толькі два розныя будынкі. Але прыкладна ідзецца пра адныя і тыя ж умовы. Людзям даводзіцца спаць на голых дошках, як падушку яны выкарыстоўваюць плястыкавыя бутэлькі з-пад вады, з вадой звычайна мякчэй спаць. Сьвятло 24 гадзіны не выключаецца, ты ўвесь час пры яркім асьвятленьні. Бывае, ноччу ў асобныя дні ладзяцца начныя паверкі — у дзьве, потым у чатыры гадзіны ночы: усіх падымаюць, прымушаюць называць свае імёны. Усё гэта робіцца, натуральна, для таго, каб проста людзі не маглі спаць. Хоць у прынцыпе спаць на голых дошках досыць праблематычна, асабліва для людзей больш сталых.

Вядома, ніякіх перадач. Перадачы ў сваякоў прымаюць, але палітвязьням іх не выдаюць. Толькі калі палітвязень выходзіць з ізалятару, яму выдаюць гэтую перадачу на рукі. Ну і, вядома, ня водзяць у душ. Калі я толькі трапіў на Акрэсьціна, гэта быў пік сьпякоты. Там фактычна было невыносна знаходзіцца, немагчыма было дыхаць. Людзі сядзелі літаральна ў адных трусах, зь іх ліўся пот. Гэта была сапраўдная лазьня, дыхаць было практычна немагчыма. Потым стала лягчэй, сьпякота спала, але замест гэтага начамі стала ўжо холадна, а людзі былі ў адных майках, зноў-такі, ніякіх матрацаў і коўдраў ім не выдавалі, і яны ўжо мерзьлі. Вядома, мэтанакіравана ствараюць для палітычных зьняволеных невыносныя ўмовы, якія можна кваліфікаваць як катаваньні.

«Яны адразу захапілі мой тэлеграм і палічылі гэта перамогай»

— Ці ўжывалі нейкі гвалт да вас на допытах або на сустрэчах са сьледчым?

— Не, да мяне не ўжывалі гвалт. Гэта сапраўды практычна выключная сытуацыя, бо ўсе, з кім я размаўляў у сваёй камэры, у тым ліку з калегамі, якіх затрымлівалі ў той жа дзень, — яны як мінімум ехалі ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту ў кайданках. Не, мяне бралі досыць мякка. Больш-менш нармальна са мной размаўлялі, за выключэньнем літаральна аднаго супрацоўніка ГУБАЗіК, які ўжо ў Сьледчым камітэце на мяне крычаў, абражаў і казаў, што будзе мяне біць. Ён гэтую думку выказаў матам, сэнс быў такі, што ён будзе мяне біць сёньня. У астатнім усе супрацоўнікі паводзілі сябе больш-менш нармальна, што кантрастуе з тым, з чым даводзілася сутыкацца іншым людзям, якіх затрымліваў ГУБАЗіК.

— А ці спрабавалі дамагчыся, магчыма, іншымі мэтадамі нейкіх прызнальных паказаньняў або паказаньняў на кагосьці?

— Не. Я ведаю, што да некаторых людзей, якія знаходзіліся ў турме, прыяжджалі прынамсі на нейкія нефармальныя гутаркі, спрабуючы нешта ў іх выведаць, зь імі пагаварыць, схіліць да пэўнага рашэньня, да пэўных дзеяньняў. Ніякіх у гэтым пляне дзеяньняў са мной не рабілі. Не было ніякіх размоваў, гутарак — проста я 10 дзён сядзеў у поўнай ізаляцыі, у тых умовах, якія я апісаў.

— Супрацоўніцтва не прапаноўвалі?

— Не, не прапаноўвалі. Чаму ў прынцыпе не ўжывалі гвалт і не было ніякіх дадатковых дзеяньняў: магу выказаць здагадку, што адзін са складнікаў гэтага — тое, што яны бязь цяжкасьці адразу захапілі мой тэлеграм-канал, мае сацыяльныя сеткі. Вельмі часта ў практыцы ГУБАЗіК здараецца так: у чалавека, якога затрымліваюць па палітычных артыкулах, ёсьць свой тэлеграм-канал, і ў яго пад катаваньнямі выбіваюць паролі, лагіны — доступ да акаўнтаў. У мяне ў гэтым пляне такой праблемы не было, я нават не разлагіньваўся з гэтых акаўнтаў, бо разумеў, што згубіць свой аналітычны тэлеграм-канал, дзе я пісаў аналітыку аб актуальных падзеях, — невялікая бяда. Супрацоўнікі спэцслужбаў трохі не разумеюць, як працуе інфармацыйная прастора. Гэты канал завязаны толькі на маёй асобе — і я безь вялікай працы ствару новы тэлеграм-канал, які будзе мець ня менш падпісчыкаў. Гэта, асабліва для аналітычнага жанру, не такая вялікая праблема.

Таму я ад пачатку зыходзіў з таго, што няхай я страчу гэты телеграм-канал, але ня буду ствараць сабе дадатковых праблем. Яны атрымалі тое, што хацелі, мабыць, палічылі гэта вялікай перамогай, хоць папраўдзе ад гэтага нічога ня выйгралі. А сам факт таго, што першым дзеяньнем з моманту майго затрыманьня быў захоп майго аналітычнага тэлеграм-каналу, — гэта, вядома, яркае сьведчаньне, што ўсё, што адбываецца, не мае дачыненьня да права, гэта проста акцыя выкараненьня іншадумства ў краіне.

— У вас цяпер няма доступу да гэтага тэлеграм-каналу?

— Не, у мяне цяпер у прынцыпе няма тэхнікі, няма доступу да сваіх сацыяльных сетак, акаўнтаў. Я практычна цалкам пазбаўлены сувязі, але гэтае пытаньне будзе вырашацца ў рабочым парадку.

«Я ўпэўнены ў сваім выбары»

— Ці ішла гаворка пра вашую жонку? Ці ведае Каця наагул, што вас затрымлівалі?

— Так, Кацярына ведае, што мяне затрымлівалі. Як мне перадавалі, яна, вядома, вельмі эмацыйна ўспрыняла гэтую вестку. Але вельмі хутка супакоілася. Яна, я думаю, выдатна разумела, мы гэта абмяркоўвалі, што рана ці позна я магу апынуцца ў палоне. Таму разумела, што гэта, магчыма, прыйдзецца пераадолець, проста перажыць. На шчасьце, я ўжо на волі, і думаю, што гэтая навіна яе вельмі супакоіць і дадасьць упэўненасьці.

— Я чытала вашае паведамленьне, перададзенае праз вашага адваката. Вы перадалі калегам: «Працаваць, працаваць і працаваць утрая больш, не спыняцца, не апускаць рукі». Чаму вы абралі такую параду, такі заклік, а не, напрыклад: «Бегчы, пакуль яшчэ ня селі»?

— Я думаю, што ўсе, хто хацеў зьехаць, і ўсе, хто лічыў для сябе немагчымым далей працаваць у гэтых умовах, ужо зрабілі гэты выбар. Для ўсіх астатніх вельмі важна ня трапіць у ступар, ня ўпасьці ў дэпрэсію, ня страціць веру ў тое, што ты робіш. І я лічу вельмі важным памятаць, чаму мы наагул апынуліся ў гэтай сытуацыі, чаму мы абралі гэтую прафэсію і чаму ў нейкі момант зразумелі, што можам рызыкаваць сваёй свабодай, сваім жыцьцём дзеля ідэалаў і прынцыпаў, жыцьцёвага выбару, які калісьці зрабілі. І гэты момант вельмі важны. Мы прайграем толькі ў той момант, калі гэта прызнаем. Пакуль мы гэтага не прызналі, пакуль мы працягваем змагацца, яшчэ нічога ня страчана.

— Але справа ж не закрытая. Як думаеце, чым гэта скончыцца? Вас пасадзяць?

— Абсалютна немагчыма прадказваць, але зноў-такі для мяне гэта нічога не мяняе. Статус падазраванага не павялічыў рызыкі для мяне. Яны засталіся на ранейшым узроўні, яны надзвычай высокія, але тым не менш гэта ніяк не ўплывае на мой выбар.

— Што самае страшнае за гэтыя дзесяць дзён адбывалася?

— Ды папраўдзе нічога страшнага не адбывалася з адной простай прычыны — я ведаў, чаму я там знаходжуся. Я разумеў, што зрабіў пэўны выбар на пэўным этапе свайго жыцьця, ведаў, што не адмоўлюся ад сваіх прынцыпаў і каштоўнасьцяў, нягледзячы на ўмовы, у якіх я знаходзіўся, і пагрозы, зь якімі ў будучыні мог сутыкнуцца. Таму для мяне, шчыра кажучы, не было ніводнага моманту, каб мне здавалася, што гэта сапраўды страшна і я не змагу гэтага перанесьці. Я ўпэўнены ў сабе, упэўнены ў сваім выбары. І гэта тое, што надавала мне сілы ўсе тыя дзесяць дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG