«На сёньняшні дзень пачата больш за 4200 крымінальных справаў, зьвязаных з антыграмадзкімі праявамі. У суды ўжо накіраваныя 803 крымінальныя справы ў дачыненьні да 1116 чалавек, разгледжаны 704 крымінальных справы ў дачыненьні да 955 асобаў», — цытуе пракурора БелТА.
Андрэй Швед заявіў, што пракуроры займаюць прынцыповую пазыцыю: з улікам абставінаў сытуацыі вінаватыя прыцягваюцца да максымальнай крымінальнай адказнасьці.
Генэральны пракурор расказаў Лукашэнку пра расьсьледаваньне спробы «дзяржаўнага перавароту» у 2020 годзе. Зь яго словаў, у распараджэньні пракуратуры «бясспрэчная доказная база» ў гэтых справах.
Тры месяцы знаходзіцца за кратамі палітоляг Аляксандар Фядута, якога абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
12 красавіка ў Шклове сілавікі затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Увечары таго ж дня жонка паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Расеі, а 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што ён затрыманы. У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага юрыста з ЗША Юрася Зянковіча.
17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што заходнія спэцслужбы нібыта рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей. Ён абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху траіх затрыманых.
Усіх іх цяпер трымаюць у СІЗА КДБ. Сьледзтва ў справе аб спробе дзяржаўнага перавароту працягнулі да кастрычніка.
Аналягічнае абвінавачаньне выстаўлена палітыку Рыгору Кастусёву і юрысту Юрасю Зянковічу (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу). Усім затрыманым пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.