Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэру Рыгі забаранілі ўезд у Расею


Марціньш Стакіс
Марціньш Стакіс

Мэр Рыгі Марціньш Стакіс падчас чэмпіянату сьвету ў хакеі замяніў ня толькі афіцыйны беларускі сьцяг на бел-чырвона-белы, але і афіцыйны расейскі сьцяг на сьцяг расейскага алімпійскага камітэту.

1 ліпеня прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава назвала замену расейскага сьцяга «беспрэцэдэнтнай русафобскай выхадкай» і паведаміла, што Марціньша Стакіса ўнесьлі ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Расейскую Фэдэрацыю.

Бел-чырвона-белы беларускі сьцяг і справа ад яго — сьцяг Алімпійскага камітэту Расеі падчас хакейнага чэмпіянату ў Рызе
Бел-чырвона-белы беларускі сьцяг і справа ад яго — сьцяг Алімпійскага камітэту Расеі падчас хакейнага чэмпіянату ў Рызе

24 траўня ў цэнтры Рыгі мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй на месцы, дзе віселі на мачтах сьцягі краінаў – удзельніц чэмпіянату сьвету па хакеі. Як сказаў пры гэтым мэр Рыгі, «сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі».

Пасьля гэтага зь Беларусі выслалі амбасадара Латвіі і ўвесь дыпляматычны і адміністрацыйна-тэхнічны склад амбасады. Латвія адказала сымэтрычна, выслаўшы з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль назваў непрымальнай замену афіцыйнага сьцяга на бел-чырвона-белы падчас хакейнага чэмпіянату ў Рызе. На гэта мэр Рыгі адказаў, што бел-чырвона-белыя сьцягі застануцца на месцы, а замест гэтага здымуць сьцягі IIHF.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG