Дата дня
25 ліпеня 1984 году памёр пісьменьнік Уладзімер Караткевіч.
Ліст ад яго з водгукам на адно зь першых маіх апавяданьняў — самая дарагая «адзінка захоўваньня» ў хатнім архіве. Дзякуючы таму, поўнаму авансаў лісту, мая першая кніжка была без ваганьняў названая па адрэцэнзаваным мэтрам юначым опусе пра юначае каханьне. На жаль, я ўжо не пасьпеў падпісаць адрасанту аўтарскі асобнік.
Пахаваньне запомнілася вострым да фізычнага болю адчуваньнем велізарнай страты — ня толькі выдатнага пісьменьніка, але і асабіста блізкага чалавека. У разьвітальным слове Генадзь Бураўкін назваў Караткевіча апосталам нацыі, і ў гэтым не пачулася перабольшаньня.
Памятаю, калі ў продажы зьявіўся новы зборнік ягонае прозы, у нас на гістфаку БДУ сарвалася лекцыя: амаль увесь курс, не згаворваючыся, рушыў у кнігарню.
Творы Караткевіча ня проста вярталі нам эўрапейскае мінулае нашае зямлі. Караткевіч вяртаў Радзіму, падводзіў да «моманту ісьціны».
Мы пачыналі разумець, што з народам, пазбаўленым памяці, можна рабіць са мы я злачынны я сацыяльныя і палітычныя экспэрымэнты.
А потым здарылася шчасьліва я сустрэча зь ягонай паэзіяй. Томік «Маёй Іліяды», каб ён заўсёды быў са мною, я вывучыў на памяць. Гэтая кніга і сёньня гучыць ува мне: «О Радзіма, мой сьветач цудоўны, адзіны, / Явар мой, мой агністы сьнягір на сасьне, / Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай...» («Сьнягір»), «За што галаву ты згубіла, / Якую праўду сказала?» («Безгаловая Вэнэра»), «Дзяўчына ад шчасьця сьпявала... / Стронцый быў у дажджы...» (прарочая «Дзяўчына пад дажджом»).
На сьвяткаваньні 75-годзьдзя Караткевіча ў Воршы, у музэі пісьменьніка (створаным, дарэчы, у колішняй радзільні, дзе той аб’явіўся сьвету) да мяне падышоў чалавек зь някідкім абліччам. «Вы — Орлов», — сказаў ён, і я мусіў пагадзіцца. «Я уже два дня наблюдаю за вами, и вы постоянно чем-то недовольны». Я сапраўды быў незадаволены: да прыкладу, тым, што шмат каго з жывых сяброў і добрых знаёмых Караткевіча на ягоны юбілей не паклікалі, а калі й запрасілі, дык не давалі слова. «Я — Арлоў. А хто вы такі?» — у сваю чаргу пацікавіўся я. «Участник юбилейных торжеств», — не змаргнуўшы вокам, адказаў мой суразмоўца.
Думаю, што яны, гэтыя «участники торжеств», як і я сам, ані не сумняваліся, з кім, зь якой Беларусьсю, быў бы Ўладзiмер Караткевіч, каб дажыў да сёньняшніх дзён.
Адзін з замежных гасьцей-навукоўцаў выказаў тады, у Воршы, думку, што, каб Бог не паслаў беларусам Караткевіча, цяпер магло б быць на адну краіну меней.
Тут можна падыскутаваць, але не падлягае сумневу, што безь яго мы былі б іншыя.
З «аўгусьцейшых» вуснаў зноў і зноў гучаць зьвернутыя да пісьменьнікаў патрабаваньні стварыць беларускую «Вайну і мір». Але мы даўно маем яе — Караткевічавы «Каласы пад сярпом тваім»
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 350-351.
Таксама ў гэты дзень
1410 — войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу сталіцы Тэўтонскага ордэну, Марыенбургу (сёньня горад Мальбарк у Польшчы). Абаронца Марыенбургу Генрых фон Пляўэн зрабіў сабе рэпутацыю выратавальніка крыжацкага ордэну ад татальнага зьнішчэньня.
1687 — Іван Мазепа быў абраны гетманам Украіны.
1826 — у Расейскай імпэрыі выкананыя сьмяротныя прысуды празь павешаньне пяцёх лідэраў паўстаньня («декабристов»).
1853 — у Менску створана першая прафэсійная пажарная каманда.
1917 — у Менску скончыўся Зьезд беларускіх арганізацый i партый, які ўтварыў Цэнтральную раду беларускіх арганізацый. У склад выканаўчага камітэту былі выбраныя Уладзімер Галубок, Язэп Лёсік, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі.
1943 — у выніку перавароту адхілены ад улады і арыштаваны кіраўнік ураду Італіі, лідэр фашыстаў Беніта Мусаліні.
1993 — у Лідзе адкрыты помнік Францішку Скарыну.
2004 — паводка ў Менску, падчас якой былі затопленыя цэнтральныя вуліцы на месцы колішняга рэчышча Нямігі.
У гэты дзень нарадзіліся
1903 — Мікалай Несьцяровіч, беларускі навуковец, батанік-дэндроляг, акадэмік АН БССР.
1910 — Генадзь Цітовіч, беларускі дзеяч харавога мастацтва, кампазытар, дырыжор, фальклярыст, заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага Акадэмічнага хору Беларусі.
1936 — Леанід Левін, беларускі архітэктар, адзін са стваральнікаў мэмарыяльных комплексаў «Хатынь» і «Яма».
1937 — Дзьмітры Смольскі, беларускі кампазытар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст Беларусі.
1947 — Аляксандр Мілінкевіч, беларускі палітык, кандыдат у прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі на выбарах 2006 году.
1948 — Уладзімер Плешчанка, інжынэр, удзельнік нацыянальнадэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
У Віцебску — без усякага перабольшаньня — яго ведалі ўсе.
Болей за пятнаццаць гадоў Уладзімер у маразы і сьпёку, у дождж і завеі не радзей, чым кожны панядзелак і чацьвер, а часам амаль штодня выходзіў у цэнтар на самы шматлюдны ў горадзе тралейбусны прыпынак каля гэтак званага Сіняга дому і разгортваў бел-чырвона-белы сьцяг.
Хтосьці лічыў ці, дакладней, спрабаваў абвясьціць яго блазнам. Але большасьць віцяблянаў ставіліся да Плешчанкі калі не з разуменьнем, дык, прынамсі, з павагаю. Каля Сіняга дому можна было атрымаць незалежныя газэты й улёткі, паставіць подпіс за свайго кандыдата на выбарах, параіцца і паспрачацца. Зянон Пазьняк назваў змаганьне Плешчанкі найбольш блізкім да мэтаду Махатмы Гандзі.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.566-567.
У памяці
1877 — Іван Насовіч, беларускі філёляг, этнограф і фальклярыст, стваральнік «Слоўніка беларускай мовы».
1980 — Уладзімір Высоцкі, савецкі бард, паэт, актор тэатра і кіно.
1997 — Натальля Арсеньнева, паэтка й перакладчыца, палітвысланка, дзяячка паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША.
Вестка пра сьмерць Натальлі Арсеньневай прыйшла ў Менск падчас адкрыцьця Другога зьезду беларусаў сьвету, калі сотні галасоў сьпявалі яе велічную «Малітву», вядомую як гімн «Магутны Божа»:
Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхай і ветлай
рассып праменьне Свае хвалы...
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
краіну нашу і наш народ!
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.442-443.
2001 — Дзяніс Хвастоўскі, паэт, удзельнік нацыянальнадэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.
Дзяніс у адным зь вершаў падаў уласны адрас:
А каб лістом маім сагрэцца,
Для Вас мой адрас вось такі:
Краіна Спаленага сэрца,
Сяло Старыя мастакі.
Яму было дваццаць пяць.
Ён не вярнуўся з рэанімацыі пасьля падзеяў, пра якія сваякі дагэтуль адмаўляюцца гаварыць.
Літаратуразнаўца Аксана Бязьлепкіна піша, што Хвастоўскі, «вершы якога можна лічыць своеасаблівым сынтэзам фальклёрнай паэтыкі з іранічным „патасам“ сучаснасьці, пасеяў у беларускай літаратуры адметныя ўчэпістыя радкі»
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.478-479.
2006 — Янка Брыль, народны пісьменьнік БССР, удзельнік нацыянальнадэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.
Ён быў больш, чым выбітным пісьменьнікам.
Пасьля яго пахаваньня мне прысьнілася, што Янка Брыль выступае на тэлебачаньні.
Ад нечаканасьці я прачнуўся. Такое цяпер сапраўды можна ўбачыць толькі ў сьне.
Адразу разгледзеўшы антынацыянальную сутнасьць цяперашняй улады, Брыль не пайшоў зь ёю ні на якія кампрамісы.
Ён не надрукаваў ні радка ў сэрвільных дзяржаўных выданьнях.
Ён у восемдзесят гадоў адкрыў выдатнай прамоваю Кангрэс дэмакратычных сілаў.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.568-569.
2015 — Васіль Лазоўскі, мастак, пэдагог, удзельнік нацыянальнадэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
Удзельнікі тых, гістарычных Дзядоў 1988 году памятаюць, як пры канцы нядоўгага мітынгу-рэквіему ў полі паблізу Курапатаў з гушчыні людзкога збою ў цэнтар нашага кола перадалі нейкі скрутак.
Праз імгненьне па-над галовамі ўзьняўся бел-чырвона-белы сьцяг. Менавіта тады марознае паветра і скаланула каманда: «Рась-ся-кай!», і на нас з усіх бакоў наляцелі міліцыянты і салдаты ўнутраных войскаў.
Гэта было першае публічнае ўзьняцьце нацыянальнага сьцягу за некалькі дзесяцігодзьдзяў забароны. Доўгі час імя чалавека, які прынёс з сабою сьцяг, было вядомае толькі вельмі вузкаму колу сяброў. Летапісцы найноўшай беларускай гісторыі губляліся ў здагадках, у публікацыях зьяўляліся заклікі адгукнуцца, дапамагчы адшукаць героя, але адказам было маўчаньне.
Цяпер будзем ведаць: яго звалі Васіль Лазоўскі.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.674-675.