На тэрыторыю Расеі часова забаранілі ўвоз беларускай кампаніяй «Дорорс» сьвежых памідораў. Прычына — пры правядзеньні карантыннага фітасанітарнага кантролю ў таматах выявілі вірус мазаікі Пэпіна — PepMV.
Пра забарону праінфармавала прэс-служба Расьсельгаснагляду. Яна адзначыла, што зафіксавана 12 выпадкаў «выяўленьня карантыннага для краін-членаў ЭАЭС аб’екту — вірусу мазаікі Пэпіна (Pepino mosaic virus)».
Затрыманыя памідоры ў Расею пастаўляў беларускі экспартэр — кампанія «Дорорс».
Абмежаваньні на ўвоз у Расею «у мэтах захаваньня фітасанітарнага дабрабыту і прадухіленьня распаўсюджваньня карантыннага аб’екту на тэрыторыі РФ» — уводзяцца з панядзелка, 26 ліпеня.
Яны часовыя і дзейнічаюць толькі ў дачыненьні названай кампаніі, удакладнілі ў Расьсельгаснаглядзе.
Забарона будзе дзейнічаць да правядзеньня Менскам расьсьледаваньняў па фактах выяўленьня вірусу і прадастаўленьня расейскаму ведамству зьвестак аб ліквідацыі праблемаў.
Вірус мазаікі Пэпіна (PepMV) — адно з найбольш небясьпечных вірусных захворваньняў тамата закрытага грунту ва ўсім сьвеце. PepMV ня толькі прыводзіць да пагаршэньня якасьці, але таксама можа выклікаць значныя страты прадукцыі, якія могуць дасягаць 12% ураджаю. Дагэтуль не існуе ніякіх сродкаў барацьбы з захворваньнем, апрача прафіляктычных захадаў.