Расьсьледаваньне пачалі летась у чэрвені ў інтарэсах пяці нацыянальных вытворцаў Украіны і прыкладна ў гэтыя дні мусілі абвясьціць вынікі, але на ініцыятыву Міністэрства эканомікі вырашылі яго падоўжыць
Украінскія вытворцы скрадзіліся на дэмпінгавыя цэны і аб’ём беларускіх паставак. Паводле іх, цягам апошніх трох гадоў аб’ём паставак беларускай фанэры ва Ўкраіну вырас у абсалютных велічынях на 691%, а ў спажываньні і вытворчасьці гэтай прадукцыі ва Ўкраіне адпаведна на 559% і 858%. Пры гэтым пастаўкі ішлі за дэмпінгавыя цэны.
Папярэдне прааналізаваўшы інфармацыю, Міністэрства эканомікі палічыла, што такая сытуацыя на рынку можа спрычыніць шкоду ўкраінскім вытворцам.
Згодна з заканадаўствам Украіны тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а ў надзвычайных абставінах можа быць падоўжаны да 18 месяцаў.
Якая прадукцыя зь Беларусі знаходзіцца ў цэнтры расьсьледаваньняў
У лютым 2021 году Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абвясьціла аб пачатку антыдэмпінгавага расьсьледаваньня аб пастаўках ва Ўкраіну драўнянастружкавых плітаў зь Беларусі і Расеі.
Сёлета ў красавіку Міжведамчая камісія паведаміла аб пачатку яшчэ двух антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў аб пастаўках беларускай прадукцыі ва Ўкраіну — вырабаў з асфальту і крухмалю з бульбы. Паводле ўкраінскіх вытворцаў аналягічнай прадукцыі, якія і зьвярнуліся са скаргамі, беларускія кампаніі пастаўляюць гэтую прадукцыю па дэмпінгавых цэнах і ў вялікіх аб’ёмах.
У лістападзе 2020 году Ўкраіна пачала антыдэмпінгавае расьсьледаваньне паставак цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі і Расеі, якія ў замежнаэканамічнай дзейнасьці кваліфікуюцца кодам ех 6806 10 00 00: шклавата, мінэральная сылікатная вата і аналягічныя віды мінэральнай ваты, за выключэньнем іх сумесяў.
Што ўжо знаходзіцца пад абмежаваньнямі ва Ўкраіне
З 26 сакавіка 2020 году набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону памерам 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі. У траўні 2020 году Ўкраіна абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам памерам 21,32%.
1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).
У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкерам і портляндцэмэнту мытам у памеры 57,03%.
Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавага збору, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце». Сёлета абмежаваньні могуць перагледзець.
Абмежаваньні ёсьць, але пакуль ня дзейнічаюць
Сёлета ў красавіку Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўхваліла рашэньне аб увядзеньні 35-адсоткавага мыта на пастаўку грузавога, спэцыяльнага і пасажырскага транспарту зь Беларусі ў адказ на «дыскрымінацыйныя меры ўраду Беларусі». Але Акруговы адміністрацыйны суд Кіева на пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвэстыцыямі «Гандлёвы дом „МАЗ-Украіна“» спыніў дзеяньне гэтага рашэньня, а само мыта ня будзе спаганяцца да канчатковага рашэньня суду па выніках разгляду справы. Разгляд справы ў судзе яшчэ не завершыўся.