Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцтва Эўразьвязу выступіла супраць рашэньня МЗС Беларусі па дадатковых абмежаваньнях на наведваньне судоў і іншых мерапрыемстваў


Дыпляматы ЗША, ЭЗ і Вялікабрытаніі з жонкамі Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка перад пачаткам працэсу каля гомельскага СІЗА Марына Адамовіч, Дар'я Лосік
Дыпляматы ЗША, ЭЗ і Вялікабрытаніі з жонкамі Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка перад пачаткам працэсу каля гомельскага СІЗА Марына Адамовіч, Дар'я Лосік

Эўрапейскія дыпляматы адрэагавалі на інфармацыю, што яны могуць наведваць мерапрыемствы, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Беларусі, толькі з дазволу беларускага МЗС.

У прадстаўніцтве Эўразьвязу лічаць, што адна з мэтаў гэтага прадпісаньня — «не дазволіць дыпляматычнай супольнасьці назіраць за многімі бягучымі і будучымі палітычна матываванымі судовымі працэсамі». Пра гэта піша БелаПАН.

Таксама ў прадстаўніцтве заявілі, што ЭЗ «адхіляе гэтае рашэньне МЗС Беларусі, якое перашкаджае нармальнай дыпляматычнай працы».

Дыпляматы адзначылі, што замежныя прадстаўніцтвы выконваюць сваю міжнародна прызнаную функцыю збору інфармацыі і складаньня справаздач пра падзеі ў прымаючай краіне, у тым ліку аб судовых працэсах і слуханьнях. Там падкрэсьлілі, што права на публічнае судовае разьбіральніцтва замацавана ў некалькіх міжнародных дакумэнтах па правах чалавека, у тым ліку ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека як базавы спосаб забесьпячэньня справядлівасьці і бесстароннасьці судовага працэсу.

«Рашэньне МЗС яшчэ больш абмяжоўвае празрыстасьць беларускай судовай сыстэмы. Дыпляматы ЭЗ будуць па-ранейшаму імкнуцца прысутнічаць на судовых слуханьнях, і мы спадзяёмся, што Міністэрства замежных спраў Беларусі будзе спрыяць таму, каб такі доступ надаваўся, забясьпечваючы тым самым выкананьне Беларусьсю сваіх міжнародных абавязаньняў» , — дадалі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу.

БелаПАН таксама зьвярнуўся ў прэс-службу МЗС Беларусі з просьбай аб камэнтары стасоўна дадзенага рашэньня, аднак адказу пакуль няма.

У прыватнасьці, замежныя дыпляматы ня могуць атрымаць допуск на судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым, які праходзіць у Гомлі. Улады аб’явілі суд закрытым, на яго пускаюць толькі журналістаў дзяржаўных выданьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG