Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь бішонам Жулькай і дыскамі Зісера. Як жыве пад хатнім арыштам культуроляг Юлія Чарняўская


Юлія Чарняўская, архіўнае фота
Юлія Чарняўская, архіўнае фота

Культуроляг Юлія Чарняўская без інтэрнэту працягвае весьці старонку ў Facebook. Камунікуе толькі з адвакатам і сабачкам Жулькай. Ужо два месяцы, як удава заснавальніка Tut.by жыве пад хатнім арыштам.

Жыве адна ці з кімсьці — невядома

Дачка Юліі Чарняўскай Яўгенія вядзе старонку пра хатні арышт маці ў Facebook. Там зьявіліся ўжо 6 лістоў Юліі Вісарыёнаўны. Гэта і апісаньні побыту, і разважаньні пра жыцьцё. Яна перадае свае думкі адвакату, бо сама ня мае права пісаць лісты, а той пераказвае словы дачцэ.

Юлія Чарняўская ня можа размаўляць ні са сваёй 83-гадовай маці, якая жыве за некалькі кварталаў ад яе, ні праз інтэрнэт з дачкой, якая жыве за мяжой. Яна ня мае права карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, выходзіць на вуліцу, прымаць гасьцей, атрымліваць падарункі.

Ці знаходзіцца нехта з супрацоўнікаў унутраных органаў разам зь ёю ў кватэры — таямніца сьледзтва. Аднак вядома, што ў іншых выпадках пры хатнім арышце разам са зьняволеным жылі і ягоныя наглядчыкі.

Удаву заснавальніка парталу Tut.by Юрыя Зісера арыштавалі на наступны дзень пасьля першай гадавіны сьмерці ейнага мужа і праз 6 дзён пасьля таго, як яна пераехала ў новую кватэру. Да арышту яна пасьпела паставіць помнік на магіле Зісера. Аднак ужо ня здолела трапіць на адкрыцьцё мэмарыяльнай шыльды ў гонар свайго дзядулі, паэта і крытыка Васіля Віткі, 26 чэрвеня.

Што са здароўем Юліі Чарняўскай

18 чэрвеня, у дзень затрыманьня, у Чарняўскай здарыўся гіпэртанічны крыз, яна страціла прытомнасьць, яе завезьлі ў шпіталь.

Чарняўскай цяжка хадзіць, ёй моцна баліць левая нага. У 2009 годзе ў яе быў цяжкі пералом ступні, ёй рабілі апэрацыю, паўгода яна перасоўвалася па кватэры на вазку. Да таго ж яна цярпіць на бранхіяльную астму, захворваньні сардэчна-судзіннай сыстэмы.

У апошнія гады стан здароўя Чарняўскай пагоршыўся. Праз пандэмію яна не магла добра займацца сваім здароўем і цалкам абсьледавацца.

6 ліпеня адвакат Чарняўскай падала хадайніцтва, каб ёй праз стан здароўя зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Адмовілі.

Гладзіць сабачку, перакладае з ангельскай, шмат ходзіць

Пад арыштам Юлія шмат чытае, гладзіць сабачку, слухае музыку, малюе, перакладае з ангельскай мовы. Распакоўвае скрыні пасьля пераезду і парадкуе рэчы. Шмат ходзіць па кватэры дзеля здароўя.

«Мне так шмат засталося ад Юры — і дыскі (хоць палову іх не бярэ музычны цэнтар, яны вельмі старыя), і сабака, падараваны мне на дзень народзінаў ім жа. І нават норма крокаў, якой я заўсёды грэбавала, асабліва калі зрабілася кепска са здароўем. І вось гэтае ягонае крыло, якое ён так і не прыбраў з майго пляча, дае сілы жыць у гэтыя вельмі дзіўныя дні. Я ніколі ня думала, што Кафка — рэальнасьць», — пісала Юлія 13 чэрвеня.

Юлія разумее, што ёй «пашчасьціла» ў параўнаньні з тымі, хто сядзіць не пад хатнім арыштам. Яна моліцца за іх.

«Яшчэ мне пашчасьціла з дрэвамі пад акном. На Нямізе я настолькі забылася пра шапаценьне дрэваў, што тут мне спачатку падавалася, што пачынаецца дождж. Тут бываюць вельмі паўнакроўныя вясёлкі. І калі прыгледзецца, то з майго вакна відаць кола агляду», — піша Юлія Вісарыёнаўна.

«Я напякла б хачапуры і пірагоў зь пяцьцю начынкамі»

28 чэрвеня, калі Юрыю Зісеру мог бы споўніцца 61 год, Юлія напісала пранікнёны тэкст памяці мужа пра тое, як яны маглі б сьвяткаваць гэты дзень і як будзе насамрэч.

«Зь вечара ты б рабіў выгляд, што нічога не чакаеш, але з 27 на 28 чэрвеня быў бы ў сваім пакоі, за сталом, сьпінаю да дзьвярэй [...] А мы б выстраіліся гуськом: дачка. Зяць. Пляменьнік. І самая апошняя я», — пачала аповед пра ўжо немагчымае сьвяткаваньне Чарняўская.

Яна б падарыла мужу нешта зь ягоных новых захапленьняў, цёмна-чырвоныя ружы з завостранымі пялёсткамі і ўласнаручна намаляваную паштоўку, «як заўсёды вялікую і, магчыма, круглую».

Удава апісала, як бы прайшоў сьвяточны дзень са шпацырам, музыкай, вечаровай імпрэзай з гасьцямі.

«Ксеня і Саня зьехалі. Астатнія сядзяць, Юр. Апошні раз я бачыла іх на тваёй гадавіне на могілках. А назаўтра нас усіх арыштавалі».

Пасьля сьмерці мужа яна плянавала сабраць разам іхных сяброў.

«Я напякла б хачапуры і пірагоў зь пяцьцю начынкамі. Жэнька нарабіла б салатаў. І твая душа сядзела б з намі за сталом [...]. Я нічога ня здолела табе падарыць а 12 гадзіне ночы, як гэта было прынята. Дзеці не прыедуць. У нас з табой ня будзе шпацыру: мне забаронена выходзіць з дому нават з уяўным спадарожнікам. Родныя паедуць на тваю магілу безь мяне — таксама забаронена [...]. Я проста ранкам уключу „А пятай гадзіне вечара ў Сан-Францыска“, трыё Авішая Коэна днём і ляйпцыгскі дыск Баха (які мы з табой так і не пасьпелі паслухаць) увечары. І ўсё роўна буду з табой».

«Мне ня верыцца, што недзе ёсьць вуліцы, людзі»

Юлія Вісарыёнаўна падзялілася, што ізаляцыя для яе — быццам бы жыцьцё на іншай плянэце.

«Доня, дарагая, мне нават цяжка сказаць „сумую“, бо я жыву ў нейкім сьвеце, дзе вы жахліва далёка, на іншых плянэтах — як ты, так і мая мама, якая жыве за два кварталы ад мяне» (5 ліпеня 2021 году).

«Ізаляцыя — гэта дзіўны досьвед. Часам мне здаецца, што я праходжу досьвед найглыбейшай старасьці, бо самота прыкладна такая. Мне ня верыцца, што недзе ёсьць вуліцы, людзі, а ўжо тым больш мора. Але я стараюся жыць, каб калі-небудзь апынуцца ў сьвеце, дзе вы ўсе ёсьць».

Таксама яна падзялілася думкай, што свабода зьвязаная са свабодай перасоўваньня.

«Несвабода датычыць паралізаваных або зьняволеных. Або Бог, або іншыя людзі абмежавалі чужую свабоду рухацца. Падумалася, што не выпадкова СССР быў закрытай краінай, і ад таго адчувалася такая несвабода. Бо ж унутры гэтага па-ранейшаму ёсьць думкі, пачуцьці» (21 чэрвеня 2021 году).

«Я спраўлюся адна, безь ягонага крыла»

Апошні пакуль ліст напісаны 18 ліпеня, роўна праз два месяцы пад арыштам.

«Раптам зразумела, што зь дзяцінства не зьвяртала ўвагі на дождж, заўсёды была нечым занятая, у нешта „ўторкнутая“. А тут сядзела на лёджыі, не закрывала шкла, так што дождж заліваў падлогу, мае босыя ступні, і глядзела ў месца на небе, дзе можа зьявіцца маланка», — піша палітзьняволеная.

Яна параўноўвае сьвет дзяцінства і сьвет немаладосьці — безь мітусьні, «яшчэ няма чаго губляць, ужо няма чаго губляць».

«Давер у дачыненьні да людзей моцна зьменшыўся. А вось да сьвету якраз павялічыўся. Раней я ўсё адцягвала ўвагу на людзей, на людзей. А цяпер стала важна зьяўленьне на бальконе баговак».

«Штучна перарванае жыцьцё, у якім я спрабую (таксама даволі штучна) генэраваць для сябе сэнсы. Цяпер ідзе туга, часам здаецца, што вось-вось і ўсё, а потым думаю: яшчэ высілак, Юлька! Яшчэ адзін! [...] Вельмі дапамагаюць весткі з волі, веданьне, што ёсьць людзі, якія цябе помняць, нехта ўсё жыцьцё».

«Тата [тата Яўгеніі Чарняўскай Юры Зісер] разьвітаўся са мною двума снамі. Ёсьць адчуваньне, што тут і цяпер я — калі ўжо стала такой, якая ёсьць, дзякуючы ягонаму каханьню, — вярнулася і да той, якой я была да яго. Тады я ведала, што спраўлюся адна, безь ягонага крыла. І цяпер ужо таксама ведаю».

Хто такая Юлія Чарняўская?

Культуроляг, пісьменьніца, драматург, блогер. Кірункі навуковай дзейнасьці — этнічная культуралёгія, сэміётыка культуры. Чарняўская стварыла канцэпцыю этнічнага самавобраза беларуса. Напісала шэраг кніг і сотні артыкулаў па культуралёгіі. Адна зь яе апошніх манаграфій — «Белорусы. От „тутэйшых“ — к нации» (2010). Тры спэктаклі па п’есах Чарняўскай пастаўленыя ў Тэатры беларускай драматургіі (Менск).

Юлія Чарняўская нарадзілася 5 жніўня 1962 году ў Менску ў сям’і дактароў. Скончыла філялягічны факультэт БДУ. 24 гады працавала ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, адкуль сышла ў 2020 годзе.

Юлія — унучка знакамітага беларускага пісьменьніка Васіля Віткі. Ейны муж Юры Зісер — заснавальнік партала Tut.by. Ён памёр 17 траўня 2020 году. Дачка Яўгенія Чарняўская жыве ў Ізраілі.

18 траўня 2021 году Юлію Чарняўскую затрымалі разам з 13 супрацоўнікамі парталу Tut.by і генэральным дырэктарам Hoster.by. Да Tut.by Чарняўская ня мае дачыненьня, але валодае пакетам акцый Hoster.by. Затрымалі яе нібыта за «ўхіленьне ад сплаты падаткаў» (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Ёй пагражае да 7 гадоў калёніі.

У дзень затрыманьня ў Чарняўскай здарыўся гіпэртанічны крыз, яна страціла прытомнасьць, яе завезьлі ў шпіталь. Чарняўскай цяжка хадзіць, ёй моцна баліць левая нага. У 2009 годзе ў яе быў цяжкі пералом ступні, ёй рабілі апэрацыю, паўгода яна перасоўвалася па кватэры на вазку. Да таго ж яна цярпіць на бранхіяльную астму, захворваньні сардэчна-судзіннай сыстэмы.

Цяпер Юлія Чарняўская пад хатнім арыштам. Яна ня мае права камунікаваць ні з кім, акрамя адваката, ён забаронена пісаць лісты, карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, выходзіць з дому, прымаць гасьцей, атрымліваць падарункі.

Юлію Чарняўскую прызналі палітычнай зьняволенай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG