Дата дня
23 ліпеня 1966 году памёр Аляксандар Ружанцоў (псэўданім Алесь Смаленец), вайсковец, паэт, гісторык, дзеяч даваеннай і паваеннай эміграцыі ў Літве, Нямеччыне й ЗША.
Ад часоў Васіля Цяпінскага і Філона Кміты-Чарнабыльскага нашы літаратары ўмелі трымаць у руках і пяро, і зброю, а ваяры не бяз посьпеху займаліся літаратурнымі штудыямі. На пачатку мінулага стагодзьдзя адзін з прыкладаў гэтага даў Алесь Ружанцоў-Смаленец.
І ягонае месца нараджэньня, і псэўданім яшчэ раз сьведчаць, як далёка на ўсход ад сучасных дзяржаўных межаў Беларусі праходзіла мяжа этнічная.
Выхаванец гістарычна-філялягічнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту й Аляксееўскай вайсковай школы, Алесь Ружанцоў у юнацтве гераічна ваяваў на франтах Першай усясьветнай. Паслужыўшы пасьля 1917 году і ў белых, і ў чырвоных, ён урэшце зрабіў свой выбар на карысьць змаганьня за незалежную Беларусь.
Камандуючы беларускім батальёнам у Літоўскім войску, Ружанцоў-Смаленец здабыў вядомасьць як аўтар нечаканых сваімі тэмамі й вобразамі экспрэсіўных вершаў, якія нараджаліся з жорсткіх рэаліяў ваеннага часу. Адметнасьць ягоных твораў падкрэсьлівалі ўжо назовы: «На форце», «Перад атакай», «Зраньня ў акопах»...
Раптам згасьлі ліхтарні...
Задыміў папяросай,
Моцна лаяўся нехта з матросаў...
На сьнягу чырванела крывавая пляма,
Зачынілась жыцьцёвая брама.
Гэта радкі зь вершу «Расстрэл», прысьвечанага Максіму Гарэцкаму, які, дарэчы, называў вершы Смаленца «моцнымі думкаю й арыгінальнымі формаю».
У 1920-я былы баявы камандзір быў консулам БНР у Коўні, дзе друкаваў у часопісе «Крывіч» артыкулы з гісторыі беларускага войска. У 1944–1945 гадах ён працаваў пад кіраўніцтвам Кастуся Езавітава, беручы ўдзел у спробе стварыць нацыянальныя збройныя сілы. Па вайне Аляксандар Ружанцоў жыў у ЗША, дзе напісаў цiкавыя мэмуары, якія яшчэ чакаюць руплівага выдаўца.
Калі б я стаў укладальнікам зборніку патрыятычных тэкстаў для сучасных беларускіх жаўнераў, абавязкова ўключыў бы туды верш Алеся Смаленца «Перад атакай»:
Ўжо празьвінела трубкі рытурнэль.
Вушмі крануўшы, задрыжэлі коні.
На штандару чырвоны знак Пагоні
Яскрава сьвеціць... Трэснула шрапнэль.
Праменьні сонца заліваюць блоні.
Перад вачмі — як быццам акварэль.
Мацней сьціскаеш шаблю у далоні
І чуеш, як ляціць яшчэ шрапнэль.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 272–273.
Таксама ў гэты дзень
1914 — Аўстра-Вугоршчына прад’явіла ўльтыматум Сэрбіі з прычыны забойства ў Сараеве спадкаемцы пасаду імпэрыі, эрцгерцага Франца Фэрдынанда. Сэрбія адхіліла адзін з 10 пунктаў ультыматуму. 28 ліпеня 1914 году Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Сэрбіі, што стала пачаткам Першай Усясьветнай вайны.
1922 — у катэдральным праваслаўным саборы Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Менску адбыўся царкоўны сынод, які пастанавіў стварыць аўтаномную беларускую мітраполію.
1968 — упершыню ў гісторыі тэрарысты захапілі цывільны самалёт з закладнікамі. Чальцы Народнага фронту вызваленьня Палестыны ўчынілі згон самалёта ізраільскай авіякампаніі «Эль-Аль».
1974 — у Грэцыі скінутая дыктатура «чорных палкоўнікаў».
1992 — Абхазія абвясьціла пра сваю незалежнасьць ад Грузіі.
1997 — Слабадан Мілошавіч прынёс прысягу як прэзыдэнт Югаславіі.
У гэты дзень нарадзіліся
1964 — Ігар Сідарук, беларускі празаік, драматург.
У памяці
1572 — Жыгімонт Аўгуст, вялікі князь літоўскі, кароль польскі.
1645 — Міхаіл Фёдаравіч, першы расейскі цар з дынастыі Раманавых.
1995 — Алесь Ставер, беларускі паэт, празаік, драматург.