Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Беларусі пацьвердзіла экстрадыцыю байца Аляксея Кудзіна з Масквы ў Менск


Аляксей Кудзін. Архіўнае фота.
Аляксей Кудзін. Архіўнае фота.

21 ліпеня апэляцыйны суд пакінуў ў сіле рашэньне Маскоўскага абласнога суду аб выдачы Беларусі Аляксея Кудзіна. Спартоўца ўжо даставілі ў Менск.

У камітэце «Грамадзянская дапамога», які юрыдычна падтрымліваў Аляксея Кудзіна, паведамілі, што спартоўца вывезьлі зь СІЗА ў Зеленаградзе (Расея) і на самалёце даставілі ў Менск. Цяпер ён у СІЗА №1.

Нягледзячы на тое, што 21 ліпеня Эўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю Кудзіна, апэляцыйны суд Масквы пакінуў у сіле рашэньне выдаць спартсмэна ўладам Беларусі. Па словах адваката, Аляксея ўжо днём не было ў СІЗА Зеленаграду.

22 ліпеня ў другой палове дня Генэральная пракуратура пацьвердзіла выдачу Аляксея Кудзіна Беларусі.

«Генэральная пракуратура Расейскай Фэдэрацыі задаволіла просьбу Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь аб выдачы Кудзіна Аляксея Аляксандравіча, 1984 году нараджэньня, для прыцягненьня да адказнасьці за супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў і іншым асобам пры выкананьні імі абавязкаў па ахове грамадзкага парадку, спалучаным з ужываньнем гвалту, паводле ч. 2 арт.363 Крымінальнага кодэксу Беларусі».

21 ліпеня ў Аляксея Кудзіна скончыўся тэрмін утрыманьня пад вартай, пасьля чаго яго таемна вывезьлі з тэрыторыі СІЗА.

«У 19.40 зь СІЗА выехаў мікрааўтобус зь мігалкамі, у ім былі супрацоўнікі ФСВП (Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, — РС). Мяркуем, што ў мікрааўтобусе быў Аляксей. Мы ня здолелі б дагнаць мікрааўтобус, які едзе не па правілах і па вылучанай паласе. Людзі зь беларускай дыяспары даведаліся, што Аляксей быў на рэйсе Масква — Менск, які вылятаў з Шарамецьева ў 23.50. У 1.08 самалёт быў у Менску», — расказалі Свабодзе ў камітэце «Грамадзянская дапамога».

«Праз знаёмых мы даведаліся, што быў такі пасажыр учора на рэйсе Аэрафлоту. Але я нічога ня ведаю дакладна і цяпер іду пісаць заяву ў паліцыю пра тое, што ў мяне прапаў муж, — расказала Свабодзе жонка Аляксея Тацяна. — Я прыехала з малым дзіцем сустрэць тату, але нам не ўдалося. Цяпер, напэўна, вярнуся дадому. Мы ўвесь гэты час заставаліся ў Беларусі, бо выехаць з такой колькасьцю дзяцей няпроста — у нас іх пяцёра. Але я не зьбіраюся апускаць рукі, будзем працягваць змагацца».

У Беларусі Аляксея Кудзіна абвінавачваюць, нібыта за напад на міліцыянтаў падчас пратэстаў летась у жніўні, па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). Максымальнае пакараньне — да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG