У канцы чэрвеня 58-гадовага Сяргея затрымалі проста на памінках па маці. Ён сядзеў за памінальным сталом, калі яму патэлефанаваў сын і сказаў, што нехта падрапаў яго машыну, таму яму трэба спусьціцца ў двор. Там яго ўжо чакалі супрацоўнікі Ленінскага РУУС Менску, якія адвезьлі яго ў аддзяленьне і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, піша «Вясна».
Сяргея абвінавацілі ў праслухоўваньні 1 траўня «пратэставай песьні» ў сваім аўтамабілі і ў выкрыкваньні лёзунгу «Жыве Беларусь!» У якасьці доказаў былі толькі паказаньні міліцыянта на судзе, а ўсе астатнія матэрыялы справы сьведчылі пра Сяргееву недатычнасьць.
Яго пратрымалі за кратамі тры дні, а потым адпусьцілі да суду. А затым пакаралі 15-суткавым арыштам.
Як расказаў Сяргей праваабаронцам, 26 чэрвеня было 40 дзён пасьля сьмерці маці, аднак гэта сілавікоў не спыніла. Міліцыянты ў двары казалі, што трэба праехаць «для разбору», а насамрэч па прыезьдзе мужчына ўбачыў гатовы пратакол супраць сябе. Міліцыянты толькі сказалі, што ім паступіла скарга ад «неабыякавага грамадзяніна» пра тое, што 1 траўня на вуліцы Аўрораўскай Сяргей ехаў у машыне з уключанай песьняй Віктара Цоя «Перемен» і выкрыкваў «Жыве Беларусь!».
У Ленінскім РУУС, па словах Сяргея, яму дазволілі патэлефанаваць жонцы, каб тая прывезла сьвежае адзеньне, але ноч ён правёў у камэры, дзе было 10 чалавек. У духаце яны вымушаныя былі дыхаць скрозь шчыліну ў дзьвярах, есьці ім не давалі.
Пры афармленьні на Акрэсьціна Сяргею давялося зь іншымі арыштантамі каля 2,5 гадзін стаяць пад дажджом. Яго пасадзілі ў камэру, разьлічаную на 5 месцаў, аднак там было 10 чалавек. У Сяргея заблякаваная левая сонная артэрыя, ён забыў захапіць з сабой таблеткі, якія яму трэба прымаць штодня. Матрацаў і бялізны ў яго ў камэры не было. Сядзець давялося і з «п’яніцамі, якіх везьлі на ЛПП».
Судзьдзя Юлія Інчына асудзіла Сяргея на 15 сутак арышту, перад тым некалькі разоў справу накіроўвалі на дапрацоўку. На Акрэсьціна з суседняй камэры ён чуў крыкі — высьветлілася, што гэтак «палітычныя» затрыманыя крычалі, каб ад іх прыбралі беспрытульных затрыманых, адзін зь якіх стаў спраўляць малую патрэбу пасярод камэры.
Таксама Сяргей расказаў праваабаронцам, з кім пазнаёміўся за кратамі. У прыватнасьці, з хлопцам Аляксеем, на якога завялі крымінальную справу за тое, што ён нібыта разьбіў акно памочніцы пракурора Касьянчык. Але гэтыя падазрэньні прыбралі, бо ў яго было алібі на той дзень, таму Аляксея асудзілі па адміністрацыйным артыкуле.
Таксама Сяргей пазнаёміўся ў камэры з Барысам, які быў у штабе Віктара Бабарыкі. Яго затрымалі з сынам каля дома нібыта з прычыны нейкай заявы, напісанай на яго, а ў выніку асудзілі за «непадпарадкаваньне».
Самай жа дзіўнай аказалася гісторыя іншага суседа — пэнсіянэра Мікалая. Ён позна ўвечары вярнуўся дадому зь дзяжурства, а на стале каля паштовых скрыняў, акрамя розных рэклямных буклетаў, ляжала картка «Альфа-банку». Ён патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра знойдзеную картку. Аднак міліцыянты ў выніку забралі Мікалая для размовы, а праз чатыры гадзіны яму прынесьлі пратакол за тое, што ён нібыта расклейваў «пратэставыя налепкі» на паштовыя скрыні.