Вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта» выводзіцца з падпарадкаваньня канцэрну «Белнафтахім», піша reform.by. Гэта вынікае з указу № 275 ад 16 ліпеня, які афіцыйна апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ён уступае ў сілу пасьля публікацыі.
Дакумэнт уносіць зьмяненьні ва ўказ № 576 ад 14.09.2006 «Аб стварэньні дзяржаўнага вытворчага абʼяднаньня «Беларуснафта».
З яго выключаны падпункт 2.5 пункта 2, які вызначае, што вытворчае абʼяднаньне знаходзіцца ў падпарадкаваньні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі. Таксама выключаны і наступны падпункт, у якім было прапісана, што генэральны дырэктар «Беларуснафты» прызначаецца і вызваляецца ад пасады старшынём «Белнафтахіму» па ўзгадненьні з прэзыдэнтам.
3 чэрвеня ЗША аднавілі санкцыі ў дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. У санкцыйным сьпісе прысутнічае «Белнафтахім», але пэрсанальна «Беларуснафта» ня згадваецца.
Напрыканцы чэрвеня Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі адносна Беларусі. У сувязі з гэтым уводзяцца наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.