Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застаюся ў Беларусі». З гомельскага ІЧУ нечакана вызвалілі палітыка і праваабаронцу Васіля Палякова


Васіль Палякоў, архіўнае фота
Васіль Палякоў, архіўнае фота

Пасьля сямі дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня палітык і праваабаронца Васіль Палякоў выйшаў на свабоду. Яго затрымалі 8 ліпеня, падазравалі паводле часткі 2 артыкула 289 Крымінальнага кодэксу як «саўдзельніка ў тэрарызьме».

Выпусьцілі без прад’яўленьня абвінавачаньня.

«Мяне затрымалі ў мінулы чацьвер. Спачатку прайшоў вобшук. Яго праводзілі супрацоўнікі Савецкага РАУС, але на патрабаваньне сьледчага КДБ Баравіка. Потым мяне завезьлі на допыт у КДБ як сьведку. Потым сьледчы КДБ сказаў: „Ведаеце, мы вас арыштуем як падазраванага“, — пасадзілі ў аўтазак і завезьлі ў ІЧУ. Пытаўся сьледчы пра плянаваны тэракт у Вялейцы, ці ведаю я тых людзей, якія яго меркавалі ўчыніць — я першы раз чую тыя прозьвішчы», — сказаў Свабодзе Васіль Палякоў.

Умовы, у якіх ён утрымліваўся ў ІЧУ, праваабаронца называе катаваньнем. Яму не далі матрац, бялізну, не дазвалялі ляжаць днём, будзілі сярод ночы на «праверку». «Са мной сядзелі крымінальнікі — яны мелі і бялізну, і матрац, маглі і спаць, і што хацелі рабілі. Ноччу я ня мог спаць, а днём мне не дазвалялі нават галаву пакласьці на стол. Я казаў канваірам, што гэта катаваньні, і яны за іх адкажуць, бо ніхто ня будзе шукаць таго чалавека, які даў ім такую інструкцыю. Яны толькі адказвалі, што маюць загад зьверху», — дадаў Палякоў.

Сёньня каля 18.00 яго раптам выпусьцілі. Далі пастанову сьледчага, што «адпала неабходнасьць трымаць пад вартай».

«Я нікуды ня зьеду, я застаюся ў Беларусі. Па такім артыкуле, як мяне, маглі ўзяць мільёны беларусаў. Першая мэта майго затрыманьня — зачыстка трэцяга сэктару, другая — акт застрашваньня», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG