Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН падоўжылі мандат дакладчыцы па правах чалавека ў Беларусі, якую не пускаюць у краіну


Анаіс Марэн выступае на 47-й сэсіі Рады па правах чалавека ААН.
Анаіс Марэн выступае на 47-й сэсіі Рады па правах чалавека ААН.

13 ліпеня на 47-й сэсіі Рады па правах чалавека ААН ухвалілі рэзалюцыю аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У выніку Рада заклікала ўлады Беларусі спыніць масавыя парушэньні правоў чалавека і зацьвердзіла мандат спэцдакладчыцы па Беларусі Анаіс Марэн яшчэ на адзін год, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Рэзалюцыя заклікае ўлады Беларусі ўзаемадзейнічаць з Анаіс Марэн, якую дагэтуль не пускаюць у краіну, вярнуцца да дыялёгу, а таксама даць дакладчыцы магчымасьць наведваць Беларусь і камунікаваць з зацікаўленымі асобамі ва ўрадзе і ў грамадзянскай супольнасьці.

  • Сябры Рады выказалі «глыбокую заклапочанасьць парушэньнямі правоў чалавека і бесьперапыннымі паведамленьнямі пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне з затрыманымі».
  • Яны заклікалі беларускі ўрад захоўваць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні ў сфэры абароны правоў чалавека і запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх рэпрэсаваных, а таксама неперадузята расьсьледаваць паведамленьні пра парушэньні правоў чалавека і катаваньні.
  • Рада правоў чалавека ААН таксама настойвае, каб у Беларусі перагледзелі заканадаўства аб выбарах, якое цяпер ідзе насуперак міжнародным дэмакратычным патрабаваньням, а таксама стварылі дзяржаўны орган нагляду за выкананьнем правоў чалавека.

Афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў ААН Юры Амбразевіч скрытыкаваў рэзалюцыю і дзеяньні Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі, заклікаў ня ўмешвацца ў справы Беларусі і галасаваць супраць. У выступах яго падтрымалі прадстаўнікі Расеі, Вэнэсуэлы, Кітаю, Кубы ды Эрытрэі.

Рэзалюцыю ўхвалілі галасаваньнем:

  • 21 краіна-ўдзельніца выступіла «за»,
  • 7 — «супраць»
  • 19 — «устрымаліся».

Што ў дакладзе Анаіс Марэн

Спэцдакладчыца ААН Анаіс Марэн 5 ліпеня прадставіла даклад датычна парушэньня правоў чалавека ў Беларусі на пасяджэньні Рады правоў чалавека ААН.

Анаіс Марэн заявіла, што з моманту яе апошняга дакладу сытуацыя ў Беларусі пагаршалася далей, краіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе і працягвае ізалявацца.

У дакладзе апісваюцца парушэньні грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў беларусаў у 2020–2021 гг. Гаворка ідзе пра масавыя рэпрэсіі, перасьлед, катаваньні і жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі, ціск на журналістаў, мэдыкаў, адвакатаў і праваабаронцаў, іншыя парушэньні правоў чалавека.

Марэн згадала ў дакладзе пра 35 тысяч затрыманых, пра больш як паўтысячы палітвязьняў і заклікала ўрад Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх зьняволеных ды спыніць крымінальны і адміністрацыйны перасьлед з палітычных матываў.

У дыялёгу ўзялі ўдзел 35 прадстаўнікоў розных краін і няўрадавых арганізацый, якія асуджалі парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама прымусовую пасадку самалёта і арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, гаварылі пра неабходнасьць належнага расьсьледаваньня катаваньняў, якія прымяняліся з боку сілавікоў да мірных дэманстрантаў, заклікалі адмяніць сьмяротнае пакараньне, вызваліць усіх палітвязьняў, даць журналістам і адвакатам адпаведныя ўмовы для выкананьня іх прафэсійных абавязкаў і спыніць іх перасьлед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG