Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс прапанаваў Эўразьвязу разгледзець тры магчымыя варыянты санкцый супраць уладаў Беларусі з прычыны сытуацыі зь мігрантамі на беларуска-літоўскай мяжы.
- увесьці пяты пакет санкцыяў, які б датычыўся асоб і прадпрыемстваў;
- пашырыць сэктаральныя санкцыі;
- ужыць санкцыі да канкрэтных кампаніяў, якія займаюцца арганізацыяй перакідваньня нелегальных мігрантаў.
Так міністар пракамэнтаваў агенцтву BNS вынікі абмеркаваньня праблем міграцыі на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін – сяброў ЭЗ.
Ён ня стаў называць канкрэтных кампаній, заявіўшы, што ў яго няма дакладнай інфармацыі.
«Ёсьць авіякампаніі, турыстычныя агенцтвы, транспартныя агенцтвы. Гэта значыць, іх можна вызначыць, яны ідэнтыфікаваныя, у іх ёсьць нумары рахункаў, яны плацяць заробак, Эўрапейскі Зьвяз пасьля дбайнага расьсьледаваньня можа накласьці санкцыі на гэтыя кампаніі за іх дзейнасьць», — патлумачыў сваю думку міністар.
Міністар абароны краіны Арвідас Анушаўскас паведаміў, што Літва вызначыла выканаўцаў і арганізатараў патоку нелегальных мігрантаў зь Беларусі. Паводле яго, мігранты атрымліваюць у Беларусі інструкцыі пра тое, як зьнішчаць дакумэнты, як паводзіць сябе на допытах і як адказваць.
Анушаўскас лічыць, што санкцыі могуць быць прынятымі і супраць тых замежных авіякампаній, якіх уцягнулі ў сытуацыю.
За мінулы дзень у Літве затрымалі яшчэ 56 мігрантаў зь Беларусі
Пра гэта паведаміла літоўская памежная служба. Усяго з пачатку 2021 года на літоўскай мяжы затрымалі 1 716 мігрантаў, паведамляе Памежная служба Літвы. Гэта ў 22 разы болей, чым за ўвесь папярэдні год.
Паводле памежнай службы Літвы, з 1 716 затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 835 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 198 грамадзян Конга, 121 – Камэруну, 78 – Гвінэі, 68 – Ірану і іншых краін.
- Большая частка затрыманых імкнецца трапіць у краіны Заходняй Эўропы празь Літву.
- Літва значна ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з наплывам мігрантаў.
- Цяпер літоўскім памежнікам дапамагаюць ахоўваць мяжу сябры Зьвязу стралкоў Літвы, а таксама супрацоўнікі сыстэмы ўнутраных спраў.
- Паводле начальніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы генэрала Рустамаса Любаеваса, мяжа зь Беларусьсю знаходзіцца ў зоне адказнасьці 17 памежных застаў з 550 памежнікамі.
- У мінулую пятніцу 9 ліпеня Літва пачала будаваць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.
- Сёлета колькасьць нерэгулярных мігрантаў, якія прыбываюць у Літву празь Беларусь, перасягнула 1600 чалавек. Гэта ў 22 разы больш, чым летась.
- Эўрапейская камісія выказала гатовасьць падтрымаць Літву сродкамі ў памеры 10 мільёнаў эўра.
- Агенцтва бясьпекі вонкавых межаў Эўрапейскага Зьвязу Frontex накіроўвае ў Літву дадатковую групу супрацоўнікаў, патрульных машын і экспэртаў.
- У чэрвені і ліпені Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам санкцый Беларусь ня будзе абараняць Эўропу ад нелегальнай міграцыі, наркатрафіку і кантрабанды.