«Не магла сьпісваць бязьдзеяньне на тое, што ў мяне дзеці». Гісторыя Юліі
33-гадовая Юлія Драбушэўская — з Магілёва. Яны з мужам гадуюць траіх дзяцей. Дочкам 13 і 2 гады, сыну — 5. Пасьля акцый пратэсту іх жыцьцё кардынальна зьмянілася. На момант затрыманьня Юлія была ў дэкрэтным адпачынку, муж працаваў на чатырох працах. Цяпер усе яны ўцекачы.
«У 2020-м наступіў, скажу так, пункт кіпеньня. На пікеце ўлетку з удзелам Марыі Калесьнікавай, Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы — гэта быў момант, калі я паверыла, што ўсё магчыма! Пасьля выбараў не магла заставацца ўбаку і сьпісваць сваё бязьдзеяньне на тое, што ў мяне дзеці», — кажа Юлія.
Выйшла на жаночы ланцуг салідарнасьці 12 жніўня, пасьля не прапускала мірных акцый. Юлія стварыла чат «Могилев. Возрождение». Удзельнікі чату ладзілі акцыі, у тым ліку — з павешанымі лялькамі Лукашэнкі і Ярмошынай.
Пазьней за іх некаторыя людзі атрымалі тэрміны зьняволеньня.
«Мяне затрымалі 23 лістапада. А далей — вобшукі, допыты, вочныя стаўкі, ІЧУ... Пра тое, як мяне вылічылі, я магу сказаць так — мяне „здалі“. 8 лютага да мяне ў кватэру грукалі супрацоўнікі АМАП. Ноччу я таемна выехала ў Расею. Выбіралася ў мужчынскім адзеньні, з пакункам сьмецьця ў руках. Муж зь дзецьмі пачалі хавацца ў знаёмых, а 13 лютага ім удалося вылецець ва Ўкраіну», — узгадвае беларуска.
«Ехала ноччу празь лес з п’янымі гастарбайтэрамі»
Сьледчы забраў у Юліі пашпарт, у яе была забарона на выезд.
«Было страшна, часам быў моцны адчай. Ніхто ня ведаў — ці ўбачу я зноў дзяцей, мужа. Месяц я была ў Расеі... Ехала празь межы нелегальна, празь лес, з пʼянымі гастарбайтэрамі. Цэлы месяц я ня бачыла мужа і дзяцей, толькі 13 сакавіка здолела трапіць ва Ўкраіну», — кажа Юлія.
Там нарэшце сям’я сустрэлася. Але Юліі патрэбны быў дакумэнт, і яна зьвярнулася ў беларускую амбасаду.
«Вельмі страшна... Не было інфармацыі — могуць мяне там затрымаць, ці не. За плотам чакала вялікая група падтрымкі, на выпадак, каб ня даць мяне, калі што, вывезьці. У амбасадзе пры мне патэлефанавалі ў службу бясьпекі і сказалі: «Тут прыйшла Драбушэўская, вы прасілі папярэдзіць».
Пра што далей ішла размова — я ня чула. Але ледзь не самлела. Уцякаць ужо не было куды, заставалася чакаць. Супрацоўніца амбасады афармляла паперы, а я памірала са страху. Не паверыце — але я выйшла з «Пасьведчаньнем аб вяртаньні на радзіму».
«Мы цешымся свабодай і магчымасьцю быць разам!»
Урэшце сям’я апынулася ў Варшаве. Юлія цешыцца, што шмат незнаёмых людзей, фонды, дыяспары падтрымлівалі іх і працягваюць падтрымліваць. Юлія ўсім ім удзячная.
«Нам тут усяго хапае. Мы цешымся свабодай і магчымасьцю быць побач адзін з адным. Муж уладкаваўся на працу, нам дапамаглі наняць жытло. Я пакуль не працую, бо ня маю дакумэнтаў. Хочам вярнуцца, натуральна. Мы любім свой дом, свой горад, краіну. Але быць рабамі ці сядзець у турме з надуманых прычын ня хочацца. Мы супраць рэжыму забойцаў, злачынцаў і тырана», — кажа Юлія.
«Насьця — маладзец! Першая з нас, хто адважыўся». Гісторыя Анастасіі
На момант гарачых лета і восені 2020 году 20-гадовая Анастасія Рысева працавала прадаўцом. Актыўна ўдзельнічала ў «ланцужках салідарнасьці», акцыях і маршах.
«Калі я пачула лічбу „80%“ за Лукашэнку — у мяне вочы былі па пяць капеек! Гэта ж проста немагчыма! Мы хадзілі па горадзе і пыталіся ў кожнага мінака — за каго ён галасаваў? Ніхто не сказаў, што за Лукашэнку. Мяне проста калаціла», — узгадвае дзяўчына.
Калі пачаліся масавыя рэпрэсіі і затрыманьні, Анастасія з кампаніяй з закрытага чату «Могилев. Возрождение» пачалі ладзіць «акцыі». За адну зь іх — спаленьне лялек з выявай Лукашэнкі і Ярмошынай — удзельнікі чату ўжо атрымалі пазбаўленьне волі ад трох да трох з паловай гадоў. Некаторым — як Сьвятлане, Юліі і Анастасіі — удалося ўцячы за мяжу.
«На сьцяне камэры было надрапана „Жыве Беларусь!“. Гэта падбадзёрыла»
Анастасію шукалі за акцыю з павешанымі лялькамі. Міліцыянты прыйшлі з вобшукам, затым забралі дзяўчыну на допыт.
«Яны спрабавалі мяне ўсялякім чынам „душыць“, прыніжалі, міліцыянтаў было чалавек дзесяць, і ўсе разам нешта гаварылі мне. Адзін крычаў, што я ў 20 гадоў не магу мець сваёй думкі, што мне прамылі мазгі, што мы змагары, што лепш бы я пайшла ў бар і знайшла сабе хлопца. Прапаноўвалі ўсіх здаць, супрацоўнічаць зь імі. Але маё сумленьне чыстае, я прынцыповы чалавек», — кажа жыхарка Магілёва.
Да зімы Анастасію не чапалі. Але 18 студзеня выклікалі ў Сьледчы камітэт за акцыю 4 лістапада памяці Гая Фокса.
«На маім ноўтбуку знайшлі здымкі. Дакладней, яны былі зьнішчаныя, але іх аднавілі. Здымкі як быццам даказвалі маю „віну“ ў „партызанскіх акцыях“. Я адмовілася даваць паказаньні і трапіла на ІЧУ на тры дні, як падазроная па крымінальнай справе. І тады ў мяне забралі пашпарт. У ізалятары я плакала. Мне было крыўдна, што прымаюць за злачынцу, хоць я нічога не зрабіла. На сьценах камэры было надрапана: „Жыве Беларусь!“, а нехта напісаў, што ён тут адседзеў 30 сутак. Тыя надпісы падбадзёрылі. У ІЧУ прыходзілі опэры, дапытвалі, казалі, што хочуць мне дапамагчы. Круцілі перад носам маім пашпартам і сьмяяліся. Але пасьля трох сутак выпусьцілі — і мне параілі ўцякаць», — кажа Анастасія.
«На той момант мне было ўсё роўна, галоўнае — каб не ў турму»
Анастасія расказвае, як цудам «на дзень» выпрасіла ў сьледчай пашпарт.
«Той ноччу я зьехала ў Расею, адтуль — ва Ўкраіну. Страшна было, ня страшна — на той момант мне было ўсё роўна, галоўнае, каб не ў турму, — кажа дзяўчына. — Я лічу, што ніхто з нас, беларусаў, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях, не заслужыў таго, каб сядзець у турме».
Анастасія ўсхваляваная падтрымкай, якую атрымала ад беларусаў спачатку ва Ўкраіне, потым у Польшчы.
«Гэта проста неверагоднае! Я захапляюся беларусамі і яшчэ больш палюбіла іх! Я спачатку жыла ў Кіеве, і мне неставала грошай, каб даехаць да Кракава. Напісала ў чат — і мне адразу накідалі грошай, каля 4,5 тысячы грыўняў! Я была проста ў шоку», — узгадвае Анастасія.
«Падтрымлівалі і фінансава, і прадуктамі, і маральна»
Родныя дзяўчыны, паводле яе словаў, былі супраць улады, але маўчалі. І пасьля «прыгод» дзяўчыны сказалі: «Насьця маладзец! Першая з нас, хто адважыўся».
Анастасія расказвае, як па прыезьдзе ў Кракаў яе атачылі клопатам беларусы.
«Падтрымлівалі і фінансава, і прадуктамі, і маральна. Запрашалі на вячэры, на музычныя вечарыны. У нейкі момант я ўпала ў самоту... Нічога не хацелася — ні польскую вучыць, ні сустракацца. Проста сядзела і думала, што хачу дахаты. Але беларусы мяне выцягвалі некуды ўвесь час — і мне зрабілася лепш», — кажа яна.
Дзяўчына падала дакумэнты на праграму Каліноўскага, цяпер чакае адказу.
«Тым часам да маці і нядаўна яшчэ прыходзілі міліцыянты, казалі, што мы ведаем пра вашу дачку, выйшаў закон, што ўцекачоў будуць пазбаўляць грамадзянства. Маці ім сказала ў такім тоне, што „сьцяг вам у рукі“», — кажа дзяўчына.