Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінінградзе затрымалі супрацоўніцу шпіталя: яна прадавала сэртыфікаты аб прышчэпцы ад COVID-19, а вакцыну вылівала ў каналізацыю


У Калінінградзе затрымалі старшую адміністратарку адной з паліклінік па падазрэньні ў вырабе і продажы сэртыфікатаў аб вакцынацыі ад COVID-19

Пра гэта паведамляе тэлеканал «Настоящее время» са спасылкай на рэгіянальнае ўпраўленьне МУС РФ.

Затрыманая па просьбах грамадзян, якія зьвярталіся да яе, выдавала ім сэртыфікаты аб вакцынацыі ад каранавірусу з ілжывымі зьвесткамі пра нібыта зробленыя прышчэпкі, а каб «схаваць сьляды злачынства, нявыкарыстаныя прэпараты жанчына зьнішчала, выліўшы вакцыну ў каналізацыю».

За падроблены дакумэнт яна патрабавала ад паўтары да трох з паловай тысяч рублёў (50–120 беларускіх рублёў у эквіваленце). Па дадзеных паліцыі, яе паслугамі скарысталіся больш за 20 чалавек.

У дачыненьні да супрацоўніцы паліклінікі распачатая крымінальная справа па прыкметах злачынства паводле артыкула 327 КК РФ («Падробка, выраб або абарот падробленых дакумэнтаў»). Таксама паліцыя мае намер даць прававую ацэнку дзеяньням грамадзян, якія скарысталіся такімі паслугамі. Калі факты выкарыстаньня падробленых дакумэнтаў будуць даказаныя, гэтых грамадзян таксама прыцягнуць да адказнасьці, дадала афіцыйны прадстаўнік МУС Расеі Ірына Воўк.

  • У Расею прыйшоў індыйскі штам каранавірусу «дэльта», які хутка распаўсюджваецца па краіне. У некаторых рэгіёнах уводзяць абавязковую вакцынацыю 60% работнікаў такіх сфэраў, як адукацыя, транспарт, ЖКГ, а таксама дзяржслужбоўцаў. У канцы чэрвеня ў Маскве ўвялі правіла, паводле якога на ўваходзе ў кафэ або рэстаран трэба прад’яўляць QR-код, які сьведчыць пра вакцынацыю або нэгатыўны тэкст на каранавірус.
  • Аднак попыт на QR-коды ўжо прывёў да зьяўленьня новай прапановы: калі хтосьці вельмі не жадае рабіць прышчэпку або нават ПЦР-тэст, але хоча схадзіць у рэстаран, зьявіўся онлайн-рынак QR-кодаў у Тэлеграме. Ашуканцы просяць пэрсанальныя дадзеныя і пасьля поўнай перадаплаты абяцаюць даслаць код — нібыта арыгінальны, што наўрад ці магчыма. Хутчэй за ўсё, гэты код будзе весьці на сайт, які імітуе сайт «дзяржпаслугаў» — у разьліку на тое, што няўважлівы афіцыянт не заўважыць розьніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG