У новым дасьледаваньні IREX пра ўплыў пандэміі ў 2020 годзе на СМІ і інфармацыю ў 13 краінах Эўропы і Эўразіі — Vibrant Information Barometer (VIBE) апісваецца, сярод іншага, праца беларускіх СМІ ў часы пандэміі і рэпрэсій пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
«2020 год стаў рэкордным у гісторыі сучаснай Беларусі па рэпрэсіях супраць журналістаў і СМІ. Рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, якія рушылі ўсьлед за прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 году, з самых першых дзён антыўрадавых вулічных пратэстаў былі накіраваныя на журналістаў і СМІ. Колькасьць зафіксаваных выпадкаў рэпрэсій у дачыненьні да журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі была самая высокая ад моманту пачатку маніторынгу ў 1994 г.
Аднак, паводле зьвестак Nieman Reports, 2020 год стаў і годам беспрэцэдэнтнага росту даверу да незалежных СМІ ў Беларусі. Далі сябе знаць лічбавая граматнасьць і навыкі беларусаў у галіне выкарыстаньня інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій, і Беларусь стала сусьветным лідэрам па выкарыстаньні інструмэнтаў для абыходу цэнзуры», — гаворыцца ў дакладзе.
Паводле аўтараў дасьледаваньня, у 2020 годзе ў Беларусі на мэдыясфэру ў нэгатыўным ключы істотна паўплывалі дзьве асноўныя тэндэнцыі: тое, што ўрад рабіў з крызісам COVID-19, і рэпрэсіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні.
Гэтыя тэндэнцыі нэгатыўна адбіліся на інфармацыйнай прасторы краіны. Дзяржаўныя ўстановы пазьбягалі прадстаўляць інфармацыю пра пандэмію, а незалежныя мэдыя перасьледаваліся за распаўсюд «фальшывак» пра COVID-19.
У дакладзе адзначаецца, што згодна з паведамленьнямі infopolicy.biz, Telegram стаў другім па папулярнасьці дадаткам для абмену паведамленьнямі ў Беларусі, дзякуючы чаму многія традыцыйныя незалежныя СМІ пераадольваюць вэб-блёкі. Аднак у той жа час гэта дазволіла абодвум бакам палітычнага канфлікту распаўсюдзіць мову нянавісьці і палітызаваныя наратывы.
Аўтары IREX зазначаюць, што разам з блякаваньнем доступу да недзяржаўных мэдыя ўлады распаўсюджвалі пракрамлёўскі расейскі кантэнт на тэлеканалах. Таксама пасьля жніўня 2020 г. узмацнілася антызаходняя, антыдэмакратычная, пракрамлёўская і пралукашэнкаўская прапаганда.
Якасная інфармацыя распаўсюджвалася ў першую чаргу недзяржаўнымі мэдыя і пераважна ў інтэрнэце. У недзяржаўных СМІ COVID-19 і прэзыдэнцкія выбары дамінавалі ў асьвятленьні падзей, хоць прысутнічалі і іншыя тэмы, у тым ліку правы інвалідаў, гендэрная роўнасьць, зьмяненьне клімату і маніпуляцыі зь інфармацыяй. Аднак з прычыны беспрэцэдэнтнай палітызаванасьці беларускай аўдыторыі некаторым мэдыя пасьля жніўня 2020 году было складана займацца «агульнымі» тэмамі.
«Нават спрабуючы асьвятляць экалягічныя праблемы, маё мэдыя мусіла знайсьці спосабы прадставіць іх з пункту гледжаньня палітычнай барацьбы», — тлумачыць адзін з экспэртаў зь Беларусі, якога цытуюць у дасьледаваньні.
На гэты момант экспэрты прыйшлі да высновы, што на працягу некалькіх месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў аўдыторыя была найперш зацікаўленая тэматыкай пратэставага руху і рэпрэсіяў.