Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі пазбавіў рэгістрацыі карпункт «Эўрарадыё» ў Менску


У студыі «Эўрарадыё» журналіст Зьміцер Лукашук.
У студыі «Эўрарадыё» журналіст Зьміцер Лукашук.

«Эўрарадыё» было адным зь нешматлікіх замежных СМІ, якое мела карэспандэнцкі пункт у Беларусі.

Пастанова Савету Міністраў «Аб закрыцьці ў Рэспубліцы Беларусь карэспандэнцкага пункту таварыства з абмежаванай адказнасьцю Эўрапейскае радыё для Беларусі (Рэспубліка Польшча)» зарэгістравана 5 ліпеня ў рэестры Нацыянальнага прававога парталу.

Карэспандэнцкі пункт «Эўрапейскага радыё для Беларусі» быў адкрыты ў Менску ў 2009 годзе. Летась у жніўні Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайту «Эўрарадыё», а ў кастрычніку карэспандэнтаў пазбавілі акрэдытацый разам зь іншымі прадстаўнікамі замежных мэдыя.

Цяпер сайт «Эўрарадыё» даступны па адрасе: euroradio.pl і ў сацсетках.

«Эўрарадыё» і пасьля закрыцьця карпункту ў Менску працягне сваю працу. Пра гэта Tut.by заявіў галоўны рэдактар Павал Сьвярдлоў.

«Закрыцьцё карпункту ў Беларусі — гэта складовая частка адказу беларускіх уладаў на санкцыі з боку Эўразьвязу. Мы афіцыйна працавалі ў Менску 11 гадоў. Тое, што офіс зачыняецца менавіта цяпер, пасьля ўвядзеньня „чацьвёртага пакета“ і сэктаральных санкцый, наўрад ці супадзеньне. Мы будзем дзейнічаць паводле працэдуры і працягваць працаваць — у нас застаецца ліцэнзія на вяшчаньне ў Польшчы, ёсьць офіс у Варшаве, які беларускія ўлады закрыць ня могуць», — пракамэнтаваў сытуацыю Павал Сьвярдлоў

«Вядома, усё гэта паўплывае на нашу працу, але не спыніць нас. Зь мінулага лета не працуе наш сайт euroradio.fm, з восені нашы карэспандэнты ня могуць атрымаць у МЗС акрэдытацыі. І закрыцьцё карпункту прынцыпова сытуацыю не зьмяняе. Мы чакалі такога павароту падзеяў і рыхтаваліся. Ня можам сказаць, што былі да канца гатовыя, але плян ёсьць, і не адзін. Натуральна, вельмі шкада, што такое адбываецца. Ня будзем геройстваваць і казаць, што „Эўрарадыё“ сыходзіць у партызаны. Але нішто ня мусіць стаяць паміж беларусамі і праўдай. Мы разам!», — гаворыцца ў паведамленьні рэдакцыі «Эўрарадыё».

Сёлета экспэртная камісія прызнала «экстрэмісцкай» кнігу рэдактара «Эўрарадыё» Зьмітра Лукашука і філёзафа Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя». Гэта збор гутарак зь вядомымі людзьмі, якіх запрашалі ў эфір падзяліцца думкамі аб каштоўнасьцях беларускага этнасу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG