Апошнія навіны ад 61-гадовага баранавіцкага актывіста Ўладзімера Гундара Свабодзе расказала ягоная жонка Алена.
«Валодзя быў у карцары з 25 чэрвеня, яго туды пасадзілі на 10 сутак, — кажа Алена Гундар, — Ён абвясьціў галадоўку. Спачатку першыя 5 дзён сухую, потым стаў піць ваду».
Па словах жанчыны, прычынай зьмяшчэньня мужа ў карцар стала адмова актывіста прызнаваць сябе экстрэмістам.
Алена расказала, што Ўладзімер паабяцаў адвакату пачаць прымаць ежу ў пятніцу 2 ліпеня, за некалькі дзён да заканчэньня адбыцьця пакараньня ў карцары. Аднак у той дзень вязьня вярнулі ў камэру; як сказаў мэдык, у «сувязі з дрэнным здароўем».
«Доктарка вырашыла на пару дзён яго вярнуць з карцару, каб прывесьці ў норму, — кажа Алена. — Учора я была ў начальніка СІЗА, але тонкасьцяў так і не дазналася. Што там было, ціск ці яшчэ штосьці, і як яны яго прыводзілі ў норму, нічога ён не сказаў. Толькі паведаміў, што, калі яго «аднавілі», то зноў адправілі ў карцар, дзе ён прабыў наступныя 4 дні.
У выніку Ўладзімер Гундар вярнуўся ў камэру раніцай 7 ліпеня. Гэтую інфармацыю Алене сёньня пацьвердзіла работніца пункту перадач Берасьцейскага СІЗА, дзе знаходзіцца яе муж.
Алена ўпэўнена, што Ўладзімера раптам вярнулі ў камэру ў сярэдзіне тэрміну яго адбыцьця пакараньня ў карцары праз праблемы са здароўем.
«Доктарка была абавязана наведваць яго там кожны дзень... І, мабыць, стан ягонага здароўя выклікаў у іх асьцярогі, — мяркуе Алена. — Вядома, хутчэй за ўсё быў ціск. Калі ён абвясьціў галадоўку, пры гэтым ня піўшы вады, ён жа яшчэ і лекі перастаў прымаць. Гэта цяпер ён і есьці пачаў, і зноў прымае таблеткі».
Па словах жанчыны, зь перадаваньнем мэдыкамэнтаў на гэты момант праблемаў няма.
«Валодзя напісаў заявы на ўсе свае таблеткі. І сказалі, што цягам ліпеня можна прывезьці любыя лекі зь ягонага сьпісу».
«У карцары — паўгадзіны пасядзець, паўгадзіны пахадзіць, паўгадзіны памаліцца»
Уладзімер Гундар некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю. Яму ампутавалі нагу; ён мае гіпэртанію і судзіннае захворваньне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрыманьня праваахоўнікі прымусілі яго зьняць. У турме Гундар вымушаны перасоўвацца на мыліцах.
Цяперашняе пагаршэньне здароўя Уладзімера, па словах яго жонкі, можа прывесьці да сур’ёзных наступстваў, у тым ліку і да ампутаваньня другой нагі.
«Калі будуць праблемы зь ціскам, будзе кроў густая, яна можа застойвацца ў венах ног, а гэта можа выклікаць усё што заўгодна, не дай Бог, вядома».
Падчас знаходжаньня ў карцары з Уладзімерам Гундарам змагла адзін раз сустрэцца ягоная адвакатка. Ёй актывіст апісаў свой распарадак дня падчас адбыцьця там пакараньня.
«Там жа нічога няма, голыя сьцены, адзін маленькі табурэцік, таму ён расьпісаў сабе дзень па паўгадзіны. Паўгадзіны пасядзець, паўгадзіны пахадзіць, паўгадзіны памаліцца. І так увесь дзень. Вось такое жыцьцё суровае, — кажа Алена. — Цяпер у мяне такі паразытычны чалавечы стан, калі прыстасоўваесься да ўсяго. Вось сёньня я змагла аддаць перадачу, і ў мяне нейкая радасьць, што яго выпусьцілі з карцара, што ён цяпер у камэры. Так, для мяне гэта ўжо стала радасьцю. Аж самой брыдка. Але ўсё ж такі гэтая навіна — нейкае супакаеньне, таму што ў камэры ёсьць людзі, зь якімі ён знаёмы, якія яму дапамагаюць. Ва ўсякім выпадку, ён ужо не адзін».
На гэты момант Алена дамагаецца другога спатканьня з мужам. Першы раз яны змаглі сустрэцца пасьля суду актывіста. Тады, 20 траўня, Гундара абвінавацілі ў гвалце або пагрозе гвалту ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі. Судзьдзя Сяргей Беразюк прысудзіў актывісту 3 гады турмы. Аднак сёньня ў судзе ў Берасьці жанчыне паведамілі, што справа яе мужа перададзена ў Вярхоўны суд на апэляцыю, таму зараз Алене трэба зьвяртацца ў Менск.
Па словах Алены, у другой крымінальнай справе, заведзенай супраць Уладзімера (30 сьнежня Гундару выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму») няма ніякай інфармацыі.
«Вядома толькі, што Валодзя, калі да яго прыходзіў сьледчы з КДБ, падпісаў паперу аб працягу ўтрыманьня пад вартай да 2 верасьня. Але дзе канкрэтна ён потым будзе знаходзіцца, у які СІЗА яго могуць перавесьці, невядома», — кажа Алена.