Літва адчувае беспрэцэдэнтны міграцыйны ціск і разьлічвае на дапамогу інстытутаў Эўразьвязу, заявіў прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа, якога цытуе прэс-служба.
«Беларускі рэжым выкарыстоўвае міграцыю як інструмэнт палітычнай маніпуляцыі. У гэтай сытуацыі асабліва важная роля інстытутаў Эўрапейскага зьвязу і падтрымка Літвы ў рэгуляваньні патокаў нелегальных мігрантаў і ўзмацненьні абароны зьнешніх межаў ЭЗ. Таму мы разьлічваем, што інстытуты ЭЗ акажуць усю неабходную падтрымку ня толькі ў пляне ўзмацненьня аховы мяжы зь Беларусьсю, але і краінам, адкуль ідзе нелегальная міграцыя», — заявіў Наўседа.
Таксама літоўскі прэзыдэнт выказаўся за неадкладныя перамовы з уладамі Іраку і Турэччыны ў пытаньні вяртаньня мігрантаў на радзіму.
З пачатку 2021 году літоўскія памежнікі затрымалі 1232 чалавек, якія незаконна перайшлі мяжу з боку Беларусі. Гэта ў 15 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.
Гітанас Наўседа плянуе абмеркаваць пытаньне наплыву мігрантаў зь беларускага боку 8 ліпеня ў Шаўляі з прэм’ер-міністрам Гішпаніі Пэдра Санчэсам. Гаворка будзе ісьці таксама пра Беларускую АЭС. Тэма атамнай станцыі ў кантэксьце недапушчальнасьці куплі электраэнэргіі адтуль падымалася і на сустрэчы Наўседы са старшынём Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем.