Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва паскорыць у тры разы разгляд просьбаў аб прытулку ад мігрантаў зь Беларусі


Мігранты, затрыманыя літоўскімі памежнымі службамі
Мігранты, затрыманыя літоўскімі памежнымі службамі

Пра гэта заявіла 5 ліпеня міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

«Дадзена даручэньне знайсьці рашэньні, каб працэдура скарацілася максымальна, наколькі гэта магчыма, гэта значыць, каб просьбы разглядаліся на працягу дзесяці дзён», — сказала Білатайце журналістам.

Цяпер такія заявы разглядаюцца на працягу 30 дзён. Нелегальна перайшоўшы мяжу зь Беларусі, мігранты просяць даць ім у Літве прытулак.

Паводле Білатайце, разгляд просьбаў аб прытулку зацягваецца, бо ў затрыманых на мяжы мігрантаў няма дакумэнтаў, яны сьвядома не даюць інфармацыю пра краіну паходжаньня. Білатайце адзначыла, што ў пытаньні аптымізацыі працэсу Літва праводзіць кансультацыі з службовымі асобамі Грэцыі, у якіх ёсьць досьвед разгляду просьбаў аб прытулку, калі пяць-шэсць гадоў таму ў гэтай краіне пачаўся крызіс з уцекачамі.

«Ёсьць такія думкі і доказы, што такія цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў, як у нас, ёсьць і ў Беларусі, і гэтых людзей з такіх цэнтраў проста спэцыяльна перамяшчаюць у Літву. У нас таксама ёсьць інфармацыя пра студэнтаў, верагодна, тых, хто навучаўся ў Беларусі, іх, мабыць, таксама з ужываньнем пэўных сродкаў перамяшчаюць у Літву. Гэта наўмысныя, добра арганізаваныя дзеяньні супраць Літвы», — дадала яна.

Білатайце таксама сказала, што новы намётавы гарадок для мігрантаў зьявіцца менш як праз тыдзень. Яна не паведаміла, дзе яго разьмесьцяць, адзначыўшы ў зьвязку з гэтым, што «нашы суседзі зь недружалюбнай краіны слухаюць і на падставе гэтага, магчыма, таксама выпрацоўваюць сваю стратэгію».

На мяжы Беларусі і Літвы працягваецца міграцыйны крызіс. Колькасьць мігрантаў, затрыманых літоўцамі сёлета пасьля парушэньня мяжы зь беларускага боку, перавысіла 1200 чалавек. Літва абвінавачвае беларускія ўлады ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG