У Літве за мінулыя содні затрымалі 116 мігрантаў, якія перайшлі беларуска-літоўскую мяжу па-за пунктамі пропуску, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы.
Група з 8 чалавек спрабавала атакаваць патруль. Памежнікі пусьцілі сьлезацечны газ і зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра.
Памежная служба адзначыла, што мігранты пачалі ісьці і цераз участкі мяжы, абсталяваныя сучаснай сыстэмай кантролю. Раней яны ўнікалі такіх тэрыторый.
Агульная колькасьць нерэгулярных мігрантаў зь Беларусі ў Літве дасягнула 938 чалавек. Летась за ўвесь год затрымалі 81.
У пятніцу Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сытуацыі ў сувязі з рэзкім ростам нерэгулярнай міграцыі зь Беларусі.
«Лукашэнка спрабуе ператварыць міграцыю ў зброю, каб аслабіць нашыя санкцыі», — напісаў у твітэры міністар замежных спраў Літвы Гарбыэлюс Ландсбэргіс.
Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у нядбайнасьці і нават у спрыяньні перапраўцы замежнікаў да мяжы Літвы. Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што рост колькасьці мігрантаў — гэта сьвядомая палітыка беларускіх уладаў супраць Літвы. Яна назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны.
Беларускія ўлады мэтанакіравана перакідаюць мігрантаў да мяжы, завабліваючы іх у краіну пакетнымі прапановамі дзяржаўнага турыстычнага агенцтва (напрыклад, рэйс з Багдаду або Стамбулу і даезд да літоўскай мяжы). Такую вэрсію ў інтэрвію Financial Times раней выказаў Габрыелюс Ландсбергіс.
Кіраўніца Эўракамісіі назвала плынь мігрантаў зь Беларусі палітычна матываванай і заявіла, што Эўразьвяз узмоцніць падтрымку Літвы, перадае Reform.by.
2 ліпеня пра ўзмацненьне аховы мяжы зь Беларусьсю паведаміла і Латвія. З эўрапейскага агенцтва Frontex ў Латвію ўжо прыехалі некалькі афіцэраў з тэхнічнымі сродкамі і аўтамабілем для патруляваньня мяжы, паведаміў прадстаўнік памежнай службы тэлеканалу LTV7.